Івашын Васіль

Івашын Васіль Уладзіміравіч (9.5.1913, в. Ляхавічы, цяпер Дзяржынскі р-н Мінскай вобл. —  6.11.2009, Мінск). Літаратуразнаўца. Сябра СП з 1954 г.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1933 г. закончыў Менскі транспартна-эканамічны тэхнікум, год працаваў тэхнікам эканамістам Белкааппрамсавета.  Закончыў Мінскі педагагічны інстытут (1938). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1938—1941 гг. выкладчык Віцебскага педагагічнага вучылішча. З 1946 г. ў Інстытуце літаратуры АН БССР, у 1967—1978 гг. — дырэктар НДІ педагогікі Міністэрства адукацыі БССР. З 1978 г. старшы навуковы супрацоўнік, у 1995—2007 гг. галоўны навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі. Акадэмік Акадэміі педагагічных навук СССР (1967), доктар філалагічных навук (1965), прафесар (1973). Замежны член Расійскай акадэміі адукацыі (1999). Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны 2 ступені, медалямі. Сябра СП з 1954 г.

Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Аўтар навуковых прац “Янка Купала — вялікі народны паэт” (Мінск, 1952), “Янка Купала. Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг.” (Мінск, 1953), “Рэвалюцыя 1905—1907 гг. і развіццё беларускай літаратуры” (Мінск, 1955), “М. Горький и белорусская литература начала XX в.” (Минск, 1956), “Асноўныя асаблівасці развіцця сучаснай беларускай літаратуры” (з Н. Перкіным; Мінск, 1958), “У истоков социалистического реализма” (Минск, 1963),  “Да вышынь рэалізму. Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускай дакастрычніцкай і савецкай літаратуры” (Мінск, 1983), “Выверанае жыццём. Творчая індывідуальнасць пісьменніка — народнасць і партыйнасць літаратуры” (Мінск, 1988), “З пазіцый гуманізму: тэарэтыка-метадалагічныя і метадычныя праблемы літаратурнай адукацыі” (Мінск, 1998), зборнікаў вершаў “Слова” (Мінск, 1995), “Покліч памяці” (Мінск, 1998), “Прызванне” (Мінск, 2007), “З надзеяй і верай” (Мінск, 2003), падручніка па беларускай літаратуры для 8—10 класаў (Мінск, 1979—2002), дапаможніка для настаўнікаў “Изучение русской литературы во взаимосвязи с белорусской” (разам з М. Лазаруком, Я. Ленсу; Минск, 1988).