Іпатава Вольга Міхайлаўна (1.1.1945, г.п. Мір, Карэліцкі р-н Мінскай вобл.). Пісьменніца. Сябра СП.
Пасля смерці маці выхоўвалася ў дзіцячым доме (1956—1961). У 1961 г. паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1963 г. перавялася на завочнае аддзяленне (закончыла ў 1967 г.). Настаўнічала ў вёсцы Руба на Віцебшчыне, працавала таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі (1964), інструктарам, загадчыкам сектара ў Гродзенскім гаркаме камсамола (1965—1968), рэдактарам на абласной студыі тэлебачання (1968—1970). У 1970—1973 гг. — літсупрацоўнік газеты “Літаратура і мастацтва”, потым літкансультант газеты “Чырвоная змена”. У 1975—1978 гг. аспірантка Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1978—1979 гг. зноў працавала літкансультантам у “Чырвонай змене”. У 1985—1989 гг. галоўны рэдактар літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання. З 1989 г. загадчык аддзела, з 1990 г. намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Спадчына”. У 1991—1995 гг. галоўны рэдактар газеты “Культура”. Сябра СП СССР з 1970 г. У 1998—2001 намесніца старшыні, у 2001—2002 гг. старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў. Жыве ў Канадзе.
Друкуецца з 1959 г. Аўтарка зборнікаў вершаў “Раніца” (Мінск, 1969), “Ліпеньскія навальніцы” (Мінск, 1973), “Парасткі” (Мінск, 1976), “Крыло” (Москва, 1976), “Задарожжа” (Мінск, 2004); зборнікаў аповесцей і апавяданняў “Вецер над стромай” (Мінск, 1977; па-руску: Москва, 1980), “Дваццаць хвілін з Немезідай” (Мінск, 1981), “Перакат” (Мінск, 1984), “Узелок Святогора” (Москва, 1986), “Агонь у жылах крэменю” (Мінск, 1989), “Чорная княгіня” (Мінск, 1989), “За морам Хвалынскім” (Мінск, 1989, 1996; па-руску: Москва, 1991), “Прадыслава” (Мінск, 1997, 2003), “Золотая жрица Ашвинов. Черная княгиня” (Минск, 2000), “Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба” (Мінск, 2006), “Свабода да апошняга дыхання” (Мінск, 2007), трылогіі “Альгердава дзіда” (Мінск, 2002), раманаў “Вещун Гедимина” (Минск, 2005), “Знак Вялікага магістра” (Мінск, 2009), кнігі “Паміж Масквой і Варшавай” (Мінск, 1996); кніг для дзяцей “Снягурка” (Мінск, 1974), “Казка пра Паўліна” (Мінск, 1983); тэлеп’есы “Давыд Гарадзенскі” (пастаўлена ў 1988 г.). У 2014 г. у серыі “Беларускі кнігазбор” выйшаў зборнік “Выбраныя творы”. Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, медалём Францыска Скарыны, лаўрэатка прэмій імя Барыса Кіта (2003), “Залаты апостраф” (2006), імя Міколы Ганька (2009).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.