Ільяшэвіч Хведар (17.2.1910, Вільня — 7.11.1948, Ватэнштэт, Германія). Паэт, празаік, крытык.
Закончыў Віленскую беларускую гімназію, потым выкладаў у ёй беларускую мову, літаратуру і гісторыю. Быў сябрам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1927 г. звольнены з гімназіі, зняволены ў Лукішскай турме. Закончыў гістарычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, у 1936 г. абараніў магістарскую працу “Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1576—1622)”. Падчас нямецкай акупацыі — у Беластоку, кіраваў Беларускім камітэтам, рэдагаваў штотыднёвік “Новая Дарога”. У ліпені 1944 г. выехаў у Берлін, працаваў у рэдакцыі газеты “Раніца”. У 1944 г. выдаў восем кніг з серыі “Народная бібліятэчка”. Пасля капітуляцыі Германіі жыў у беларускім лагеры Ватэнштэт, настаўнічаў у мясцовай беларускай гімназіі, апекаваўся скаўтынгам. Рэдагаваў часопіс “Шляхам жыцьця” (1946—1948), бюлетэнь “Апошнія весткі” (разам з Міколам Шылам).
Загінуў у аўтакатастрофе ў Ватэнштэце. Пахаваны на могілках горада Галенсдорф паблізу Браўншвейга, Германія.
Аўтар кніг “Веснапесьні” (Вільня, 1929), “Зорным шляхам” (Вільня, 1932), “Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыцьцё і літаратурная творчасьць” (Вільня, 1933), “Захварбаваныя вершы” (Вільня, 1936), “Навагоднія запросіны” (Ватэнштэт, 1946), “У Купальскую ноч” (Ватэнштэт, 1946), “Песьні выгнаньня” (Ватэнштэт, 1947), “Апавяданьні” (Ватэнштэт, 1948). У 1981 г. выйшла кніга “Недапетая песьня. Жыцьцё і творчая спадчына Хведара Ільляшэвіча”, укладзеная Юрыем Жывіцам. У 2000 г. у Маладзечна пабачыў свет зборнік “Творы”, укладзены Міхасём Казлоўскім, а ў 2021 г. у Мінску — зборнік “Выбранае”, укладзены Наталляй Гардзіенкай і Лявонам Юрэвічам.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21: Віленскі беларускі фонд).