Ігнацюк Алена Аляксандраўна (нар. 23.02.1962, в. Восаўцы, Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.). Паэтка, літаратуразнаўца. Уваходзіла ў СБП.
Закончыла філалагічны факультэт Брэскагара дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна. Працавала настаўніцай у Белінскай СШ Драгічынскага раёна, пасля — выкладчыцай у Брэсцкім дзяржаўным універстэце. У 1999 г. абараніла дысертацыю на тэму “Колер, прастора і час у сучаснай беларускай паэзіі: (На прыкладзе творчасці А. Разанава, Я. Сіпакова, Л. Дранько-Майсюка, Я.Янішчыц, У.Арлова)”. Кандыдат філалагічных навук. У 1999—2004 гг. старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францішка Скарыны ў Мінску. Пазней выкладчыца культуралогіі і эстэтыкі ў Палескім універсітэце ў Пінску.
Пачынала пісаць вершы па-руску, потым перайшла на беларускую. Друкавалася ў часопісах “Крыніца”, “Бярозка”, “Нёман”, “Маладосць”, “Беларусь”, “Дзеяслоў” і інш. Аўтарка шэрагу літаратуразнаўчых артыкулаў і кніг паэзіі “Нота Ля” (Мінск, 2000), “Летаргія” (Мінск, 2006), “Будзе ўсё наадварот” (Мінск, 2016), “Дыярыуш для дзівалова (зімовыя фантасмагорыі)” (Мінск, 2018), “Такі, як Неба” (Крэменец—Пінск, 2021).