Гусак Сяргей Адамавіч (2.4.1930, в. Іванкаўшчына, Мазырскі р-н Гомельскай вобл. — 20.12.1969, Брэст). Літаратуразнаўца, крытык. Сябра СП з 1969 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955). Працаваў стыльрэдактарам у газеце “Сельская праўда” (1953—1955), настаўнікам Жалудоцкай сярэдняй школы на Гродзеншчыне (1955—1956). У 1956—1958 гг. выкладчык беларускай мовы і літаратуры Воўчынскай школы Камянецкага раёна, завуч Малазводскай школы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці, з 1958 г. загадчык Высокаўскага раённага аддзела народнай адукацыі Брэсцкай вобласці. У 1959 г. залічаны ў аспірантуру пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Быў навуковым супрацоўнікам Інстытута педагогікі (1960—1962), начальнікам навучальна-метадычнага аддзела Міністэрства асветы БССР (1962—1965), выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ (1965—1968). З 1967 г. намеснік дэкана філалагічнага факультэта БДУ, у 1968—1969 гг. рэктар Брэсцкага педагагічнага інстытута. Кандыдат філалагічных навук (1965), дацэнт (1969). Сябра СП СССР з 1968 г.
Пахаваны на гарнізонных (вайсковых) могілках Брэста.
У друку як крытык пачаў выступаць у 1961 г. Аўтар крытыка-біяграфічнага нарыса “Аляксей Кулакоўскі” (Мінск, 1967) і кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў “Пафас праўды” (Мінск, 1973).