Гурыновіч Адам

Гурыновіч Адам Гіляры Калікставіч (25.1.1869, Кавалькі, цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл. —  4.2.1894, фальварак Крыстынопаль, цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл.). Паэт, фалькларыст, перакладчык. 

Паходзіў са шляхецкага роду Гурыновічаў, вядомага з XV стагодзьдзя (герб “Праўдзіц”). У 1879—1887 гг. вучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы. Разам з братамі і сёстрамі жыў на Пірамонцкім завулку ў Вільні. У 1887—1893 гг. у Пецярбурскім тэхналагічным інстытуце, але захварэў на тыф і ў студзені 1888 г. быў вымушаны часова звольніцца з інстытута і вярнуцца на радзіму. Увосень 1888 г. зноў паступіў на 1-ы курс. Праводзіў фальклорна-этнаграфічныя зборы. Пэўны час узначальваў створаны ў 1889 г. нелегальны “Гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларасійскай”. Арыштаваны 16 чэрвеня 1893 г. у Вільні, дастаўлены ў Санкт-Пецярбург, дзе трымалі ў доме папярэдняга зняволення, а па некаторых звестках у Петрапаўлаўскай крэпасці. У тым жа годзе з прычыны хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль на Смаргоншчыне, дзе неўзабаве памёр ад чорнай воспы. 

Магіла і сямейныя могілкі Крыстынопаля былі разбураныя ў час Першай сусветнай вайны. У в. Золькі Вілейскага раёна на месцы знаходжання фальварка ўсталяваны памятны камень у гонар Адама Гурыновіча, адноўленая капліца Гурыновічаў. У гонар Адама Гурыновіча ў Вілейцы названая вуліца, а ў Мядзелі — завулак.

Дэбютаваў у друку ў 1921 г. (газета “Беларускі звон”). Пісаў на беларускай, польскай, рускай мовах. Асноўная частка творчасці паэта — беларускія вершы і вершы для дзяцей (пры жыцьці паэтычныя творы не друкаваліся). Аўтар прац па энтаграфіі, збіральнік беларускага фальклору (часопісы “Wisła”, “Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej”). Перакладаў асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, Я. Каспровіча, І. Франко. 

Значная частка творчай спадчыны Гурыновіча загінула. Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 171), аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21: Віленскі беларускі фонд).