Гурбан Іван Яфімавіч (21.5.1922, в. Юшавічы, Нясвіжскі р-н Мінскай вобл. — 1.5.1999, в. Юшавічы, Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.). Паэт. Сябра СП з 1994 г.
У 1936—1939 гг. вучыўся на майства-краўца ў суседняй вёсцы Ракавічы. У 1939—1944 г. працаваў краўцом-прыватнікам. У 1944 г. быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, потым працаваў у вугальных капальнях. Па вяртанні ў 1947—1949 гг. працаваў паштальёнам. Закончыў Усесаюзныя завочныя ўліковыя курсы (1953), працаваў рэвізорам, рахункаводам у калгасе, загадчыкам крамы ў вёсцы, старшынёй Юшавіцкага сельсавета. У 1965—1970 гг. муляр у Нясвіжскім міжкалгасбудзе, у 1971—1975 гг. меліяратар, у 1975—1980 гг. будаўнік у калгасе.
Пахаваны на могілках в. Юшавічы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці.
Публікавацца пачаў у 1949 г. у часопісе “Работніца і сялянка”. Друкаваўся ў перыядычных выданнях “Вясёлка”, “Бярозка”, “Літаратура і мастацтва” і інш. Аўтар кніг вершаў для дзяцей “Чубаценькі будзільнік” (Мінск, 1979), “Калі ветрык спачывае” (Мінск, 1985), “Пахі вясны” (Мінск, 1991), а таксама выдадзеных пасмяротна зборнікаў “Паэт” (Мінск, 2012), “Выбранае” (Мінск, 2021).