Гульман Роза Ізраілеўна (8.9.1923, Рагачоў, Гомельская вобл. — пасля 1988). Літаратуразнаўца.
З сям’і служачых. Закончыла Гомельскую СШ №27 (1941). Падчас Вялікай Айчыннай вайны эвакуавалася ў Казахскую ССР, дзе ў 1941 г. паступіла на літаратурнае аддзяленне педагагічнага інстытута, у 1943 г. перавялася ў БДУ, які закончыла ў 1945 г. Была залічаная ў аспірантуру БДУ па спецыяльнасці “беларуская літаратура”. Адначасова працавала ў рэдакцыі “Настаўнiцкай газеты”, у 1947—1980 гг. працавала навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН БССР. Пасля 1988 г., калі выехала з сям’ёй з СССР, біяграфічныя звесткі адсутнічаюць.
Дэбютавала ў друку ў 1950 г. Удзельнічала ў выданні зборнікаў твораў Я. Купалы, М. Лынькова, З. Бядулі і інш. Займалася праблемамі тэксталогіі. Аўтарка кніг “Проблема научного издания литературного наследия Янки Купалы: (Принципы установления авторского текста)” (Минск, 1965), “У.I. Ленiн i некаторыя праблемы выдання спадчыны класiкаў лiтаратуры” (Мінск, 1971), “Стан i задачы купалаўскай тэксталогii” (Мінск, 1980), шматлікіх літаратуразнаўчых артыкулаў (“Беларуская лiтаратура”, “ЛіМ”, “Маладосць”, “Полымя”, “Мінская праўда”, “Весцi АН БССР”, “Зара”).