Губарэвіч Кастусь Лявонцьевіч (5.1.1907, в. Радучы, цяпер Чавускі р-н Магілеўскай вобл. — 3.7.1987, Мінск). Драматург. Сябра СП з 1947 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1927 г. закончыў Магілеўскі педагагічны тэхнікум. Настаўнічаў на Гомельшчыне. Закончыў сцэнарнае аддзяленне Дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1932). Працаваў у газеце “Палеская праўда”, рэдактарам на кінафабрыцы Белдзяржкіно ў Ленінградзе, на Беларускім радыё ў Менску. У час Вялікай Айчыннай вайны рэдактар на радыёстанцыі “Савецкая Беларусь”. У пасляваенныя гады загадваў аддзелам літаратурна-драматычных перадач на Беларускім радыё, аддзелам мастацтва ў рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, быў сябрам рэпертуарнай калегіі кінастудыі “Беларусьфільм”. У 1966—1974 гг. галоўны рэдактар рэпертуарнай калегіі Міністэрства культуры БССР. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, двума ордэнамі “Знак Пашаны” і медалямі. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1966). Сябра СП СССР з 1947 г.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Выступаць у друку пачаў у 1926 г. з вершамі і апавяданнямі (газета “Чырвоная змена”, часопіс “Маладняк”, альманах “Дняпроўскія ўсплескі”). Аўтар зборніка апавяданняў “Гайда туды і Жывыя шрубы” (Менск, 1930), п’ес “Цэнтральны ход” (з І.Дорскім, пастаўлена ў 1948), “Алазанская даліна” (Мінск, 1951), “Брэсцкая крэпасць” (Мінск, 1972; пастаўлена ў 1953), “Простая дзяўчына” (пастаўлена ў 1953), “На крутым павароце” (Мінск, 1957; пастаўлена ў 1956), “Галоўная стаўка” (Мінск, 1958; пастаўлена ў 1957, новы варыянт пад назваю “Брэсцкі мір” — у 1969), “Далёкая песня” (Мінск, 1961, пастаўлена ў 1962), “А куды ж нам падзецца” (пастаўлена ў 1963), “Першы ўрок” (“Дзеля жыцця”, пастаўлена ў 1967), “Салодкі месяц” (пастаўлена ў 1968), “Партызанская зона” (пастаўлена ў 1976), “Даруй мне” (пастаўлена ў 1980). Выдадзеныя зборнікі “П’есы” (Мінск, 1954), “П’есы” (Мінск, 1963), “П’есы” (Мінск, 1969), “Драмы і камедыі” (Мінск, 1981), кніга кінааповесцей “Анютина дорога” (Минск, 1980), рэжысёрскія сцэнарыі “Обуза” (Минск, 1982), “Деревья на асфальте” (Минск, 1983). Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкія фільмы “Дзяўчынка шукае бацьку” (з Я.Рысам, 1958), “Анюціна дарога” (1968), “Паланез Агінскага” (1971), “Неадкрытыя астравы” (1973), “Дрэвы на асфальце” (1984), некалькі дакументальных фільмаў, а таксама тэлефільмы “Галоўная стаўка”, “Далёкая песня”. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 365).