Грышкевіч Францішак

Грышкевіч Францішак (1904(1906?) г., Сухаволя, цяпер Падляшскае ваяв., Польшча —  1946, Мінск). Паэт, крытык. 

Закончыў Віленскую беларускую гімназію (1926). Нелегальна перайшоў польска-чэшскую мяжу, паступіў на літаратурны факультэт Карлава ўніверсітэта (Прага), які закончыў у 1931 г. са ступенню доктара філасофіі. У Празе актыўна супрацоўнічаў з часопісам “Slovanský přehled”, рэцэнзаваў у ім мінскія выданні. Вярнуўся ў Вільню, служыў у польскім войску. У 1940 г. загадваў беларускімі школамі Віленскай школьнай акругі. Падчас нямецкай акупацыі працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі (1941—1944). Удзельнічаў у 2-м Усебеларускім кангрэсе (чэрвень 1944), за што пасля ўступлення ў Вільню Чырвонай Арміі быў арыштаваны ў ліпені 1944 г. 

Памёр у турме КДБ у Мінску. Дата смерці і месца пахавання невядомыя.

Дэбютаваў у друку ў 1924 г. Публікаваўся ў газетах “Беларуская крыніца”, “Сялянская ніва”, “Prawda Wileńska”, часопісах “Студэнцкая думка”, “Родныя гоні”, “Іскры Скарыны”, “Крыгалом”, “Беларускі летапіс”, “Przagląd Wileński”. Аўтар зборніка паэзіі “Веснавыя мелодыі”, (Вільня, 1927), апавяданняў, шматлікіх публіцыстычных і крытычных артыкулаў. Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы І. В. Гётэ, О. Жупанчыча, І. Франко і інш.

Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзелерукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21: Віленскі беларускі фонд).