Грынкевіч Станіслаў Сымонавіч (2.2.1902, в. Новы Двор, цяпер Падляшскае ваяв., Польшча — 18.5.1945/25.7.1945, Магілёў). Празаік, публіцыст, грамадскі дзеяч.
Брат святара Францішка Грынкевіча. Вучыўся на медыцынскім, тэалагічным, гуманітарным факультэтах Віленскага ўніверсітэта, закончыў медыцынскі факультэт Пазнаньскага ўніверсітэта. Працаваў у нэўралагічна-псіхіятрычнай клініцы Пазнаньскага ўніверсітэта. У 1931—1936 гг. віцэ-старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У 1934 г. разам з сям’ёй пераехаз у Харошчу пад Беластокам. Кіраваў лабараторыяй і шпітальным аддзелам у мясцовай псіхіятрычнай бальніцы. У 1937 г. быў прызнаны найлепшым маладым псіхіятрам у Польшчы. Працаваў у клініцы ў Вільні, выкладаў гігіену ў Віленскай беларускай гімназіі і псіхіятрыю у Медыцынскім інстытуце ў Новай Вілейцы. Узначальваў Беларускае навуковае таварыства. Аўтар навукова-папулярных прац па медыцыне і гігіене, ездзіў з лекцыямі па Заходняй Беларусі. У 1936 г. яго брашура “Асвета”, якая распавядала пра пазашкольныя формы беларускай асветнай працы была канфіскаваная паліцыяй, аўтар аштрафаваны і на два тыдні зняволены. З прыходам у Вільню саветаў быў арыштаваны, але ўцёк з цягніка падчас вывазу вязняў. У гады нямецкай акупацыі жыў у Вільні, займаўся культурніцкай дзейнасцю, браў удзел у нацыянальным падполлі. У лістападзе 1944 г. зноў арыштаваны васецкімі ўладамі, вывезены спачатку ў Мінск, потым у Магілёў.
Паводле адных звестак, расстраляны органамі НКУС у Магілёве. Паводле звестак Чырвонага крыжа, памёр на этапе ў ГУЛАГу. Месца пахавання невядомае.
Публікаваўся ў беларускіх часопісах “Студэнцкая Думка”, “Калосьсе”, “Шлях Моладзі”, газетах “Беларуская крыніца”, “Хрысьціянская думка” і інш. Аўтар кніг “Ab teatry: Praktyčny padručnik dla amatarskich teatrau” (Wilnia, 1927), “Arlanio” (Wilnia, 1927), “Narod” (Wilnia, 1927, 1937), “Žanimstva pa radyjo: Pjesa u 3-ch abrazoch” (Wilnia, 1927), “Carkwa, pomsta, wiaźnica: Apowieść” (Wilnia, 1928), “Rady chworym i zdarowym” (разам з жонкай Янінай Грынкевіч, Wilnia, 1935—1937), “Aświeta” (Wilnia, 1936), “У братоў украінцаў” (Вільня, 1936, 1937), “Алкагалізм” (разам з Янінай Грынкевіч, Вільня, 1937), “Умовы і загады, неабходныя для здароўя” (разам з Янінай Грынкевіч, Вільня, 1939).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21: Віленскі беларускі фонд).