Грыцкевіч Валянцін Пятровіч (30.3.1933, Мінск — 5.3.2013, Санкт-Пецярбург). Гісторык, краязнаўца, публіцыст. Сябра СП.
Закончыў Інстытут замежных моў (1955), Мінскі медыцынскі інстытут (1956), гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1957). У 1956—1957 гг. працаваў лекарам ва Узлянах Рудзенскага раёна Мінскай вобласці. У1957—1969 гг. — лекарам у Мінску, у 1969—1971 гг. — у Ленінградзе. У 1971—1995 гг. старшы навуковы супрацоўнік Ваенна-медыцынскага музея ў Ленінградзе. З 1980 г. выкладаў таксама гісторыю ў Ленінградскім універсітэце культуры, з 1988 г. дацэнт, потым прафесар кафедры музеязнаўства гэтага ж інстытута. Кандыдат медыцынскіх навук (1963). Доктар культуралогіі (2003). Адзін з арганізатараў і доўгагадовы з 1989 г. старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу. Сябра Міжнароднага ПЭН-цэнтра, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Рускага геаграфічнага таварыства, Пецярбургскага таварыства гісторыкаў медыцыны, замежны сябра Беларускага таварыства гісторыкаў медыцыны, сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Пісаў навукова-папулярныя працы, прысвечаныя гісторыі беларускай медыцыны — кнігі “З факелам Гіпакрата”, “Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая”, а таксама біяграфістыцы, у першую чаргу беларускай інтэлігенцыі ў замежжы — “Падарожжы нашых землякоў”, “Дзесяць шляхоў з Вільні”, “Нашы славутыя землякі”, “Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна”, “Эдуард Пякарскі”, у тым ліку біяграфістыцы медыкаў — “Успаміны і дзённікі ў фондах ваеннамедыцынскага музея: Анатаваны каталог”, “Ваенныя медыкі — кавалеры ордэна Славы трох ступеняў”; апісанням падарожжаў як гістарычнай крыніцы — “Шляхі вялі праз Беларусь”. Працы ў галіне крыніцазнаўства, музеязнаўства і гісторыі турызму (доктарская дысертацыя на тэму “История музейного дела в мире: До конца XVIII в.” абаронена ў 2003 г.): “История туризма в древности” (Москва—Санкт-Петербург, 2005), “История музейного дела конца XVIII — начала ХХ вв.” (Санкт-Пецярбург, 2007), “История и теория источниковедения” (Минск, 2008, у сааўтарстве).