Грамовіч Іван

Грамовіч Іван Іванавіч (26.7.1918, в. Закружка, Мінскі р-н Мінскай вобл. —  1986, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1946 г. 

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Закончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1939). У 1939—1945 гг. у Савецкай Арміі, служыў у артылерыйскіх частках як палітработнік і камандзір. Друкаваў нарысы ў франтавых газетах. Працаваў загадчыкам аддзела, адказным сакратаром часопіса “Беларусь” (1946—1953), адказным сакратаром часопіса “Маладосць” (1953—1954). У 1956 г. закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Быў начальнікам сцэнарнага аддзела кінастудыі “Беларусьфільм” (1956—1957), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” (1957—1958), літкансультантам СП БССР (1958—1969), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Вожык” (1970—1975). Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і медалямі. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978). Сябра СП СССР з 1946 г.

Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.

Дэбютаваў апавяданнем у 1935 г. (альманах “Аднагодкі”). Аўтар кніг прозы “Апавяданні” (Мінск, 1947), “Агні пяцігодкі” (Мінск, 1949), “Шырокія азёры” (Мінск, 1951), “Да ясных вышыняў” (Мінск, 1952), “У лесе на палянцы” (Мінск, 1957), “Рына-Марына” (Мінск, 1958), “Далі сабе слова” (Мінск, 1970), “Чатыры сантыметры надзеі” (Мінск, 1987), зборнікаў апавяданняў для дзяцей “Першае верасня” (Мінск, 1949), “Сонца скрозь воблакі” (Мінск, 1964), “Як вясну рабілі” (Мінск, 1985), зборнікаў гумарэсак “Нарасць” (Мінск, 1961), “Вадалей — Гэтакдалей” (Мінск, 1975) і “Залатая бранзалетка” (Мінск, 1977), кніг ўспамінаў і нататак “У сховах памяці і сэрца” (Мінск, 1983), “Зялёны долар — чорны забойца” (Мінск, 1985). У часопісе “Полымя” апублікаваў першую частку рамана “Іду з табой, Масква!” (1953). Выдадзеныя зборнікі “Выбранае” (Мінск, 1968; Мінск, 1988) і Выбраныя творы ў 2 тамах (Мінск, 1978). Аўтар сцэнарыяў дакументальных і відавых фільмаў “Памяццю сэрца” (1962), “Паэт у дарозе” (1963), “Паўлік і партфель” (1963). Пераклаў з рускай і ўкраінскай моў аповесць М. Носава “Дзённік Колі Сініцына” (Мінск, 1955), раман У. Кочатава “Браты Яршовы” (з М. Хведаровічам; Мінск, 1960), паасобныя творы А. Голубевай, А. Кавінькі.