Грахоўскі Сяргей Іванавіч (25.9.1913, в. Нобель, цяпер Зарэчанскі р-н Ровенскай вобл., Украіна — 11.12.2002, Мінск). Паэт, перакладчык. Сябра СП з 1956 г.
Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў мястэчку Глуск Магілеўскай вобласці. Працаваць пачаў у 1930 г. рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Закончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1935), працаваў рэдактарам на Беларускім радыё. У 1936 г. быў рэпрэсаваны, 10 гадоў знаходзіўся ў лагеры (Горкаўская вобласць). Пасля вызвалення выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе Слуцкага раёна (1946—1949). Быў паўторна арыштаваны і па ранейшым абвінавачванні высланы на вечнае пасяленне ў Новасібірскую вобласць, дзе працаваў настаўнікам. Пасля рэабілітацыі (19.10.1955) працаваў на Беларускім радыё (1956—1957 гг.). У 1957—1959 гг. загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса “Бярозка”). У1959—1960 гг. быў літаратурным кансультантам СП БССР, у 1960—1973 гг. — літаратурным рэдактарам часопіса “Вясёлка”. У 1973—1974 гг. адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Сябра СП СССР з 1956 г. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983).
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Першы верш надрукаваў у 1926 г. Выйшлі зборнікі паэзіі “Дзень нараджэння” (Мінск, 1958), “Чаканне” (Мінск, 1960), “Табе зайздросціць сонца” (Мінск, 1963), “Памяць” (Мінск, 1965), “Высота” (Москва, 1966), “Тры вымярэнні” (Мінск, 1967), “Вершы” (Мінск, 1968), “Паэма дарог” (Мінск, 1970), “Колокола” (Москва, 1972), “Зазімак” (Мінск, 1976; па-руску: Москва, 1978), “Лірыка” (Мінск, 1978), “Зачараванасць” (Мінск, 1978), “Асеннія гнёзды” (Мінск, 1982), “Кругі надзеі” (Мінск, 1985), “Верую” (Мінск, 1987), “Осенний свет” (Минск, 1988), “І радасць, і боль” (Мінск, 1988; па-руску: Москва, 1990), “На апошняй вярсце” (Мінск, 1993), “Недапісаная кніга” (Мінск, 1996). Выдаў нарыс “Горад маладосці” (Мінск, 1960), зборнік апавяданняў “Які вялікі дзень” (Мінск, 1966), дакументальныя аповесці “Рудабельская рэспубліка” (Мінск, 1968; па-руску: Москва, 1969; паводле аповесці пастаўлены спектакль у 1968, твор экранізаваны ў 1972), “Сеятель добра и гнева” (Москва, 1975), “Суровая дабрата” (Мінск, 1977), аповесці “Ранні снег” (Мінск, 1975), “Гарачае лета” (Мінск, 1974; па-руску, Москва, 1977), “Сустрэча з самім сабою” (Мінск, 1988), “Споведзь” (Мінск, 1990), “Зона молчания” (Москва, 1991; па-беларуску: Мінск, 2008), “19 лет” (Минск, 2017), кнігу ўспамінаў “Так і было” (Мінск, 1986). Выйшлі кнігі вершаў для дзяцей “Ад вясны да вясны” (Мінск, 1959), “Сёння і заўтра” (Мінск, 1961), “Вася Веселкин летит на луну” (Минск, 1962, 1965), “Гарыць касцёр” (Мінск, 1966), “Горивода” (Москва, 1967), “Сонечная сцежка” (Мінск, 1980), “Знаходка” Мінск, 1985), “Я ўсё ўмею” (Мінск, 1997), апавяданняў “Агеньчык у акне” (Мінск, 1972), казак “Птушыная дзяржава” (Мінск, 2000). У 1973, 1983, 1994 гг. выдаваліся Выбраныя творы ў 2 тамах. У 2007 г. том Выбраных твораў выйшаў у серыі “Беларускі кнігазбор”. Выступаў і як публіцыст. Выдаў кнігу “Мінск” (Мінск, 1971) і нарыс на маральна-этычную тэму “Бацькі і дзеці” (Мінск, 1972). На беларускую мову пераклаў творы Ж.Верна, А.Гайдара, Р.Тагора, А.Блока, М.Дудзіна, А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, Я.Райніса, С.Ясеніна, Лесі Ўкраінкі, П.Варанько, М.Забалоцкага, А.Твардоўскага, М.Ціханава, М.Ісакоўскага, Р.Гамзатава, А.Венцловы, Т.Масэнкі, М.Нагнібеды, У.Сасюры, Я.Судрабкална і іншых паэтаў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1983).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 201), Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.