Гілевіч Ніл

Гілевіч Ніл Сымонавіч (30.9.1931, в. Слабада, Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 29.3.2016, Мінск). Паэт, навукоўца, дзяржаўны дзеяч. Сябра СП з 1954 г. 

Брат Міколы Гіля. Першыя гады пасля вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 г. скончыў Мінскую педагагічную вучэльню. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Мінска. У 1956 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля аспірантуру пры ім. У 1960—1986 гг. супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры гэтага ўніверсітэта. У 1958—1963 гг. працаваў таксама літкансультантам газеты “Звязда”. У 1981—1991 гг. першы сакратар праўлення СП БССР. У 1989—1997 гг. старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. Галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ “Наша слова”. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ХІ склікання (1985—1990), дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання (1990—1995). У 1990—1995 гг. быў старшынёй пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Сябра Прэзідыума Вярхоўнага Савета. Кандыдат філалагічных навук. Прафесар. Сябра СП СССР з 1954 г. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980). Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), Дружбы народаў (1981), медалём Францыска Скарыны (1990), ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені (Балгарыя, 1966), ордэнам “Югаслаўскай зоркі” са стужкай (1986), ордэнам князя яраслава Мудрага ІІІ ступені (2006). Ганаровы грамадзянін балгарскага горада Враца. Народны паэт Беларусі (1991).

Пахаваны на Кальварыйскіх могілках Мінска.

Упершыню ў друку з вершамі выступіў у 1946 г. Яму належаць кнігі паэзіі “Песня ў дарогу” (Мінск, 1957), “Прадвесне ідзе па зямлі” (Мінск, 1959), “Неспакой” (Мінск, 1961), “Бальшак” (Мінск, 1965), “Перазовы” (Мінск, 1967), “Лісце трыпутніку” (Мінск, 1968), “А дзе ж тая крынічанька” (Мінск, 1972), “Запаветнае” (Мінск, 1975), “Актавы” (Мінск, 1976), “У добрай згодзе” (Мінск, 1979), “Святлынь” (Мінск, 1984), “Повязь” (Мінск, 1987), “Як дрэва карэннем” (Мінск, 1986), “Жыта, сосны і валуны” (Мінск, 1990), “Незалежнасць” (Мінск, 1991), “Талісман” (1994), “На высокім алтары” (Мінск, 1994), “Вечны матыў” (Мінск, 1994), “Ёсьць зямля” (Менск, 1997), “Наканаванае” (Мінск, 1998), “Лесам песня ішла” (Мінск, 2001), “Паланэз Агінскага” (Маладзечна, 2002), “…І плямы на табе няма” (Мінск, 2003), “На флейце самоты” (Мінск, 2004), “Мой тэстамэнт” (Вільня, 2006), “Бунт непрыкаянай музы” (Санкт-Пецярбург, 2007), “У ноч на Пакровы” (Мінск, 2008), “Замова ад страху” (Мінск, 2009), “Я чую голас…” (Мінск, 2009), “Пацеркі Божай Маці” (Мінск, 2011), “Шчасце ходзіць толькі ў пары з горам” (Мінск, 2014), “З Божай ласкі — дасеўкі” (Мінск, 2014), “Мая муза — беларусачка” (Мінск, 2019), раман у вершах “Родныя дзеці” (Мінск, 1985), а таксама зборнікі сатыры і гумару “Званковы валет” (Мінск, 1961), “Да новых венікаў” (Мінск, 1963), “Ці грэх, ці 2” (Мінск, 1970), “Як я вучыўся жыць” (Мінск, 1974), “Русалка на Нарачы” (Мінск, 1974), “Кантора” (Мінск, 1989), “Дыялог на хаду” (Мінск, 1990), “Сказ пра Яфрэма Сакалова і тайную вячэру і іншыя” (Мінск, 1993), “Маладое, бестурботнае, ад рэдактараў свабоднае” (Мінск, 1997), “Дзверы ў гісторыю” (Мінск, 2010), “Эпіграмы, 1958—2012” (Мінск, 2014). Выдаў зборнікі вершаў і паэм для дзяцей “Сцяжок на мачце” (Мінск, 1959), “Сіні домік, сіні дом” (Мінск, 1961), “Зялёны востраў” (Мінск, 1963), “Дождж-грыбасей” (Мінск, 1966), “Загадкі” (Мінск, 1971), “Калі рана ўстанеш” (Мінск, 1984), “Добры чалавек” (Мінск, 1987), “Мой белы дзень” (Мінск, 1992), “Шчаслівыя хвіліны” (Мінск, 2001), “Сказ пра залатое пёрка” (Мінск, 2005), “Я — беларус” (Мінск, 2008), аповесць “Разумная дзевачка” (Мінск, 2005). Пад псеўданімам Францішак Вядзьмак Лысагорскі выдаў паэму “Сказ пра Лысую Гару” (Мінск, 1975, 1988, 1991, 2003, 2011). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (Мінск, 1981; 1991), у 6 тамах (Мінск, 1996—2003), у 23 тамах (2003—2016).

Выдаў зборнік п’ес “Начлег на буслянцы” (Мінск, 1980), аповесць “Перажыўшы вайну” (Мінск, 1988), дзённікі “Запісы. З дзённікаў розных гадоў” (Мінск, 2006), кнігу пра жонку “Добры анёл беларускасці: штрыхі да партрэта Ніны Іванаўны Гілевіч” (Мінск, 2007). Аўтар кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы “Акрыленая рэвалюцыяй” (Паэзія “Маладняка”) (Мінск, 1962), “Наша родная песня” (Мінск, 1968), “З клопатам пра песні народа” (Мінск, 1970), “Паэтыка беларускай народнай лірыкі” (Мінск, 1975), “Паэтыка беларускіх загадак” (Мінск, 1976), “Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія. 1956—1976” (Мінск, 1977), “Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян” (Мінск, 1978), зборнікаў літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, эсэ і інш. “У гэта веру” (Мінск, 1978), “Удзячнасць і абавязак” (Мінск, 1982), “Покліч жыцця і часу” (Мінск, 1983), “Годнасць, сумленнасць, мужнасць” (Мінск, 1988), “Вяртанне і працяг” (Мінск, 1990), “Як не спыніць узыходу сонца” (Мінск, 1993), “Выбар” (Мінск, 1993), “Любоў прасветленая” (Мінск, 1996), “Толькі мы самі” (Масква, 2006), “У віры быцця” (Мінск, 2015).

Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў. Перакладаў з балгарскай, расейскай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў. Агулам пераклаў творы больш за 400 славянскіх пісьменнікаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), Міжнароднай прэміі імя Х.Боцева (1986).

Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 533).