Гаўрылкін Леанід Іванавіч (22.5.1935, п. Стэп, Добрушскі р-н Гомельскай вобл. — 5.2.1989, Мінск). Празаік, драматург. Сябра СП з 1964 г.
Нарадзіўся ў сям’і служачага. У 1952 г. паступіў на адзяленне філасофіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а праз два гады перавёўся на аддзяленне журналістыкі. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1957) працаваў адказным сакратаром рэдакцыі церахоўскай раённай газеты “Ленінец”, а ў 1960—1977 гг. — рэдактарам на Гомельскай студыі тэлебачання. З 1967 г. адначасова з’яўляўся сакратаром Гомельскага абласнога аддзялення СП БССР. У 1977—1979 гг. галоўны рэдактар кінастудыі “Беларусьфільм”, у 1979—1986 гг. сакратар праўлення СП БССР. У 1986—1989 гг. загадчык аддзела літаратуры часопіса “Вожык”. Лаўрэат прэміі на Усесаюзным конкурсе ВЦСПС і СП СССР за раман “Не магу без цябе”. Узнагароджаны медалём. Сябра СП СССР з 1964 г.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Першыя апавяданні надрукаваў у 1959 г. (часопіс “Маладосць”). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў “Рукі не здрадзяць” (Мінск, 1963), “Прашу звольніць мяне” (Мінск, 1965), “Пакінутая на досвітку” (Мінск, 1970), “Вясенні разліў” (Мінск, 1973), “Урок без перапынку” (Мінск, 1985), “Ружы для каварнай жанчыны” (Мінск, 1990), раманаў “Не магу без цябе” (Мінск, 1975; па-руску: Минск, 1982), “Чорныя буслы” (у перакладзе на рускую мову: Москва, 1977), “Зямля дзяцей нашых” (Мінск, 1980; па-руску: Москва, 1983), “Матчына хата” (Мінск, 1983; па-руску: Москва, 1985), “Застаюся з табой” (Мінск, 1986; па-руску: Москва, 1990), зборнікаў гумарыстычных апавяданняў “Мадэльер з Баршчоўкі” (Мінск, 1980), “Як Клава мужа шукала” (Мінск, 1985), “Жыціе Ігната Валуна” (Мінск, 1989), п’ес “Бо ў пісанні сказана” (Мінск, 1966), “Выпрабаванне” (пастаўлена ў 1975), “Жыгулі ў экспартным варыянце” (пастаўлена ў 1978), “Хвост паўліна” (пастаўлена на тэлебачанні, 1981), кінасцэнарыя дакументальнага фільма пра П.Броўку “Маўчаць ніколі я не буду” (1980). Выдадзеныя Выбраныя творы ў 2-х тамах (Мінск, 1987).