Гаўрук Юрый Паўлавіч (псеўд. С. Дробуш; 6.5.1905, Слуцк, цяпер Мінскай вобл. — 18.2.1979, Мінск). Перакладчык, крытык, паэт. Сябра СП з 1934 г.
Нарадзіўся ў сям’і служачага. З 1915 г. сям’я ў бежанстве ў Пскове. Закончыў слуцкую школу 2-ой ступені (1921), Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава ў Маскве (1925). З 1924 г. запісваў на Случчыне беларускі фальклор. Сябра “Маладняка”. Восенню 1925 г. абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, пераехаў у Горкі (1925—1931). У 1931—1935 гг. дацэнт кафедры літаратуры Магілёўскага педінстытута, чытаў курс зарубежнай літаратуры і літаратур народаў СССР. Арыштаваны 8 лютага 1935 г. у Магілёве. Асуджаны 28 красавіка 1935 г. асобай нарадай пры НКУС за “антысавецкую агітацыю” да 8 гадоў пазбаўлення волі; высланы з Беларусі; больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 27 лютага 1958 г. Пераехаў у Мінск. У 1957—1967 гг. працаваў памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У гэтым тэатры, а таксама ў тэатры імя Я. Коласа пастаўлены ў яго перакладзе п’есы з сусветнай класікі. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Дэбютаваў перакладам у 1925 г. (верш Г. Гейнэ “Ткачы”). Працаваў у галіне перакладу з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай на беларускую мову. Свае творы друкаваў у часопісах “Аршанскі маладняк”, “Маладняк”, “Полымя” і іншых. Аўтар кнігі баек і апавяданняў “Вясковыя рыскі” (Менск, 1926), зборнікаў вершаў і перакладаў “Іскры з крэменя” (Мінск, 1969), “Узвіхраны ветразь” (Мінск, 1990), зборнікаў паэтычных перакладаў “Кветкі з чужых палёў” (Менск, 1928), “Агні ў прасторах” (Мінск, 1975), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў “Ступень адказнасці” (Мінск, 1986).
Пераклаў п’есы У. Шэкспіра “Сон у летнюю ноч” (Менск, 1925), “Гамлет” (Менск, 1935, Мінск 1964), “Атэла” (Мінск, 1954), “Канец — справе вянец” (пастаўлена ў 1964), “Кароль Лір” (Мінск, 1974), “Антоній і Клеапатра” (Мінск, 1982), “Рамэа і Джульета” (Мінск, 1996), драму “Разбойнікі” Ф. Шылера (Мінск, 1996), камедыю “Тарцюф, альбо Ашуканец” Ж. Б. Мальера (Мінск, 1996), раманы А. Сціля “Любіць будзем заўтра” (Мінск, 1960), Э. Хемінгуэя “І ўзыходзіць сонца” (Мінск, 1976) і К. С. Прычард “Дачка ўрагану” (Мінск, 1977), зборнік А. Маруа “Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы” (Мінск, 1974), паэзію Ф. Шылера (Мінск, 1981), У. Шэкспіра (Мінск, 1989, Мінск, 2016), Дж. Г. Байрана (Мінск, 2020). У яго перакладзе ставіліся п’есы “Прыніжаныя і зняважаныя” паводле Ф. Дастаеўскага (1957), “Ліса і вінаград” Г. Фігейрэду (1957), “Забыты ўсімі” Н. Хікмета (1958), “Тысяча франкаў узнагароды” В. Гюго (1962), “Мяцеліца” Л. Лявонава (1965), “Дзядзька Ваня” А. Чэхава (1965), “Мешчанін у дваранах” Ж. Б. Мальера (1967), “Улада цемры” Л. Талстога (1969), “Залатая карэта” Л. Лявонава (1971), “Багна” А. Астроўскага (1972), “Доктар філасофіі” Б. Нушыча (1972), “Ноч памылак” О. Голдсміта, “Выбух” І. Дварэцкага. Пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, А. Міцкевіча, Л. Талстога, Лесі Украінкі, У. Сасюры, П. Варанько, Я. Шварца, Б. Алейніка, Р. Інанішвілі, Г. Гогічайшвілі. На рускую мову пераклаў аповесць “Люба Лук’янская” (Мінск, 1965) і раманы “Пошукі будучыні” (Мінск, 1968) К. Чорнага і “Серадзібор” (Мінск, 1966) П. Пестрака.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (фонд 18).