Гарулёў Мікола Аляксандравіч (6.11.1919, Баева, цяпер Дубровенскі р-н Віцебскай вобл. — 7.5.1980, Мінск). Празаік, драматург. Сябра СП з 1947 г.
Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. Закончыў аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута (1941). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны баец 1-га камуністычнага знішчальнага батальёна пры ЦК КП Беларусі, потым баец, афіцэр-палітработнік у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі ў 1947 г. працаваў адказным сакратаром магілёўскай абласной газеты “За Радзіму”. У 1949 г. пераехаў у Мінск, працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, у рэдакцыі часопіса “Советская Отчизна”, загадчыкам літаратурнай часткі Рускага драматычнага тэатра, на кінастудыі і культуры Беларусі. У 1970—1979 гг. адказны сакратар рэдакцыі бюлетэня “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”. Узнагароджаны медалямі. Заслужаны работнік культуры БССР (1979). Сябра СП СССР з 1947 г.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Першы верш апублікаваў у газеце “Камунар Магілёўшчыны” ў 1938 г. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў вершаў “Сверстники” (Минск, 1950), “В пути” (Минск, 1956), аповесці “Друзья-товарищи” (Минск, 1954), аповесці для дзяцей “Новы настаўнік” (Мінск, 1974), раманаў “Прощайте, любимые” (Минск, 1979) і “После разлуки” (Минск, 1982), зборніка юмарыстычных апавяданняў “Кібернетычная жонка” (Мінск, 1979), п’ес ”Выбух” (з М. Алтуховым; Мінск, 1959, пастаўлена ў 1958), “Второе знакомство” (Минск, 1961, пастаўлена ў 1960), “Если любишь” (Минск, 1963, пастаўлена ў 1962), “Моя дочь” (Минск, 1966, пастаўлена ў 1965), “Кровью скреплённая” (Москва, 1967, пастаўлена ў 1966), “Месть Половинкина” (пастаўлена ў 1968), “Москвич-408” (пастаўлена ў 1971). Выдадзеныя зборнікі п’ес “Наследники” (Минск, 1971) і “Признание” (Минск, 1976). Напісаў кінааповесць “Наследники Матвея Марковича” (1963) і сцэнарыі трох дакументальных фільмаў. Пераклаў на рускую мову раманы М. Паслядовіча “Святло над Ліпскам” (Минск, 1950) і М. Зарэцкага “Вязьмо” (Минск, 1965), а таксама паасобныя творы Я. Коласа, Э. Самуйлёнка, П. Галавача, М. Танка, П. Панчанкі, А. Бялевіча, У. Краўчанкі, Я. Скрыгана, І. Мележа.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 178).