Гарошка Леў (26.2.1911, в. Трашчыцы, цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. —28.7.1977, Парыж, Францыя). Рэлігійны дзеяч, пісьменнік.
У 1928—1931 гг. вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі, потым у Львоўскай духоўнай акадэміі, у 1936—1937 гг. у Каталіцкім універсітэце ў Інсбруку (Аўстрыя). 17.10.1937 быў рукапакладзены ў святары ў Львове. У 1937—1939 гг. працаваў душпастырам у розных месцах Пінскай дыяцэзіі. У 1939 г. загадам Наваградскага ваяводы быў выселены з пагранічнай паласы і жыў у Збуражы каля Маларыты. У 1939—1944 гг. працаваў ў Баранавічах, у тым ліку і выкладчыкам у медыцынскай школе. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. У 1945 г. арганізоўваў беларускае душпастырства ў Берліне і Мюнхене, потым пераехаў у Рым. У 1946 г. прызначаны Усходняй Кангрэгацыяй для душпастырства беларусаў у Францыі, пераехаў у Парыж. У 1946—1957 гг. быў рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. У 1959 г. паступіў у навіцыят айцоў-марыянаў у Рыме. У 1960 г. быў пераведзены ў Лондан, дзе быў прызначаны на пасаду рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі. У 1962 г. прыняў законныя шлюбы ў капліцы Св. Апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане. Да 1969 г. заставаўся рэктарам Місіі ды кіраўніком законнага Дому ў Лондане. Быў адным з выкладчыкаў у школе-інтэрнаце імя Кірылы Тураўскага. Далучыўся да Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, уваходзіў у Галоўную ўправу, быў намеснікам старшыні арганізацыі. Ад імя беларусаў выступаў у Брытанскай радзе дапамогі ўцекачам. У 1964 г. стаў першым старшынёй Беларускай харытатыўнай секцыі (фонду). У 1965 г. атрымаў годнасць архімандрыта. У 1970 г. перабраўся ў Рым, дзе кіраваў Беларускай секцыяй Ватыканскага радыё. Адначасова выконваў абавязкі рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. Памёр у шпіталі ў Парыжы.
Пісаў пад псеўданімамі Л. Дварэцкі, Анатоль Жменя, Л. Іскра, Пракоп Каваль ды іншымі. У 1946 г. выдаў малітоўнік “Божым шляхам”, а ў 1947—1957 гг. выдаваў рэлігійна-грамадскі часопіс “Божым шляхам”. Аўтар кніг на рэлігійныя тэмы “Бажэственная Літургія (Сьвятога Іоана Златавуснага)” (Парыж, 1946), “Перад сужэнствам. Заўвагі і рады заручаным” (Парыж, 1946), “Рэлігія ў штодзённым жыцьці” (Парыж, 1946), “Душа” (Парыж, 1948), “Паходжаньне чалавека ў святле сучасных знаходкаў” (Парыж, 1948), “Навука і рэлігія”, гістарычных кніг “Сьв. Еўфрасіня-Прадслава Полацкая. Патронка Беларусі” (Парыж, 1950), “Беларусь у датах, ліках і фактах” (Парыж, 1950, 1953) і інш. Напісаў вялікія гістарычныя працы “Пад знакам “рускае” і “польскае” веры” (1954/55), “Прычыны паланізацыі на Беларусі” (1955) і інш. Склаў грэцка-лацінска-царкоўнаславянска-беларускі слоўнік, слоўнік беларускіх прыказак ды прымавак. Пад псеўданімам А. Жменя пісаў апавяданні, якія друкаваліся ў перыядычным друку.
Дакументы з асабістага архіва дзеяча захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане.