Гарох Янка (Іван Іванавіч) (1908, в. Слабада, цяпер Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл. — пасля верасня 1932). Заходнебеларускі пісьменнік.
Паходзіў з сялянскай сям’і. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1929 г. удзельнічаў у вучнёўскіх хваляванняў. Быў на камсамольскай працы, за што быў выключаны з гімназіі і займаўся на прыватных курсах. Паводле некаторых звестак, у 1930 г. быў асуджаны Віленскім акруговым судом на 2 гады турмы. У 1932 г. разам з М. Танкам выдаваў у Вільні палітычны і літаратурны часопіс “Пралом”, у адным з нумароў якога апублікаваў свой верш, займаўся афармленнем вокладкі. Іншыя вершы, паводле сведчанняў М. Танка, засталіся ў рукапісах, якія не захаваліся. У верасні 1932 г. нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу ў бок БССР. Быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Далейшы лёс невядомы, акрамя таго, што лісты ад Я. Гароха прыходзілі каханай дзяўчыне яшчэ напярэдадні Другой сусветнай вайны.
Дата смерці і месца пахавання невядомае.