Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч (нар. 7.12.1928, Мінск). Геолаг, грамадскі дзеяч, мемуарыст. Уваходзіў у сябры СБП.
Нарадзіўся ў сям’і аднаго з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук Гаўрылы Гарэцкага, пляменнік Максіма Гарэцкага. У 1930-я гг. бацька трапіў пад рэпрэсіі, сям’я жыла ў высылцы. Вучыўся ў Коле, Туломе, Мядзведжагорску, Рыбінску, Запарожжы, Салікамску, Чусавым, Чкалаўску і інш. Закончыў Маскоўскі нафтавы інстытут (1952). У 1952—1971 гг. працаваў у Геалагічным інстытуце Акадэміі навук СССР. У 1971 г. вярнуўся ў Мінск. Стварыў у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН БССР аддзел агульнай і рэгіянальнай тэктонікі. З 1977 г. дырэктар гэтага інстытута, старшыня камісіі па тэктоніцы Беларусі і Прыбалтыкі. Доктар геолага-мінералагічных навук, акадэмік АН БССР (1977). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). У 1992—1997 гг. віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1982), Дзяржаўнымі прэміямі СССР (1969, 1978), прэміяй Расійскай АН імя акадэміка Н.С.Шацкага (1986), прэміяй НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В.А.Капцюга (2004). З 1990 г. сябра Рады, з 1993 г. прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Сябра рады Таварыства беларускай мовы, Беларускага фонду культуры.
Аўтар 515 навуковых прац, больш за 300 навукова-папулярных выданняў, у тым ліку 46 манаграфій, 41 карты, 5 вынаходніцтваў. Аўтар кніг “Ахвярую сваім “Я” (Максім і Гаўрыла Гарэцкія)” (Мінск, 1998), “Браты Гарэцкія” (Мінск, 2008), “Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі і Україна” (Мінск, 2009), прысьвечаных лёсу сваіх блізкіх. Выдаў кнігі артыкулаў, інтэрв’ю, замалёвак “Шляхам адраджэння” (Мінск, 1997), “Вечна жыве Беларусь!” (Мінск, 2003), публіцыстычных артыкулаў, лірычных замалёвак, мініяцюр і эсэ “Жыццёвы меланж” (Мінск, 2013), “Апантаны Бацькаўшчынай. Жыццёвы меланж-2” (Мінск, 2018), эпісталярыяў “Лісты жыцця і кахання” (Мінск, 2013), успамінаў “Пра сябе, пра жыццё, пра гісторыю…” (у 2 кн., Мінск, 2020), а таксама рускамоўных біяграфій “Академик Яншин — дорогой мой учитель и друг” (Москва, 2005), “Гавриил Иванович Горецкий. 1900—1988” (Киев, 2012).