Гардзіенка Наталля Сяргееўна (дзяв. Арлова, нар. 6.7.1977, Мінск). Гісторык, архівіст, рэдактар. Сябра СБП.
Закончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1999), аспірантуру БДУ (2002). Кандыдат гістарычных навук (2003). У 2002—2010 гг. працавала ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. У 2011—2014 гг. — у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва. У 2014—2023 гг. — у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (у тым ліку з 2015 г. намеснікам дырэктара). Была сябрам управы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтра, сябрам прыёмнай камісіі СБП. Удзельнічала ў рэдагаванні кніг серый “Беларуская мемуарная бібліятэка”, “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, “Галасы Айчыны”. Сябра Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк). Галоўны рэдактар альманаха “Запісы БІНіМ”.
Публікуецца з 1990-х. З 2002 г. даследуе гісторыю і культуру беларускай эміграцыі. Аўтарка кніг “Беларусы ў Аўстраліі” (Мінск, 2004), “Беларусы ў Вялікабрытаніі” (Мінск, 2010), “Рада БНР: Падзеі. Дакументы. Асобы” (сумесна з Л. Юрэвічам, Мінск, 2013, 2014, 2015), “Хронікі БІНіМу” (сумесна з Л. Юрэвічам, Мінск, 2017). Укладальніца (сумесна з Л. Юрэвічам) зборнікаў аўтараў-эмігрантаў і выданьняў, прысьвечаных гісторыі і культуры беларускага замежжа.