Гардзіцкі Аляксей Кузьміч (2.5.1934, в. Пугачова, цяпер у межах Брэста — 24.8.1999, Брэст). Крытык, публіцыст. Сябра СП з 1970 г.
Закончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута (1956). Быў завучам Мікашэвіцкага дзіцячага дома, потым на камсамольскай працы, пазней журналістам на Берасцейшчыне. У 1959—1962 гг. аспірант, у 1962—1966 гг. навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Працаваў старшым рэдактарам Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку. З 1972 г. літкансультант СП БССР. Сябра СП СССР 1970 г.
Пахаваны на могілках в. Камяніца-Жыравецкая, Брэсцкага раёну Брэсцкай вобласці.
З рэцэнзіямі і артыкуламі пачаў выступаць у 1953 г. (брэсцкая абласная газета “Заря”). Аўтар кніг дыялогаў, інтэрв’ю, гутарак пра літаратуру “Дыялогі” (Мінск, 1968), “Сустрэчы” (Мінск, 1972), “Зразумець як сваё” (Мінск, 1977), “Вачыма сяброў” (Мінск, 1977), “Сябрына” (Мінск, 1986), “Гутаркі” (Мінск, 1988). Выдаў літаратуразнаўчую працу “Пра майстэрства дэталі” (1969) і брашуру “Творчасць Івана Шамякіна” (1971). Выступаў і як аўтар празаічных мініяцюр і літаратурных эцюдаў. Складальнік зборніка “Беларускія савецкія паэты” (на грузінскай мове, Тбілісі, 1978), біябібліяграфічных даведнікаў “Пісьменнікі савецкай Беларусі” (Мінск, 1981) і “Беларускія пісьменнікі: 1917—1990” (Мінск, 1994).