Гарбук Вісарыён Сцяпанавіч (24.11.1913, в. Шкілякі, цяпер Полацкі р-н Віцебскай вобл.) — 8.8.1986, Пяцігорск, РСФСР). Празаік. Сябра СП з 1963 г.
Закончыў педтэхнікум у Лепелі. З 1933 г. працаваў настаўнікам і вучыўся завочна, з 1935 г. стацыянарна на літаратурным факультэце Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута. Пісаў вершы, займаўся ў секцыі паэтаў-пачаткоўцаў пры СП БССР. Арыштаваны 26 красавіка 1936 г., сасланы на Калыму. Вызвалены ў 1940 г. Працаваў настаўнікам у Мехаўскай школе (Гарадоцкі раён). У 1941—1946 гг. у Чырвонай Арміі; ваяваў пад Масквой, у Беларусі, пад Варшавай, у Берліне. Жыў у Пяцігорску. Заслужаны работнік культуры БССР (1979). Сябра СП БССР (з 1963).
Пахаваны ў Пяцігорску.
Пісаў на рускай i беларускай мовах. Публікаваўся ў расійскім друку з 1957 г., у беларускім — з 1961 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў для дзяцей “Алачка-забывалачка” (Мінск, 1964; па-руску: Минск, 1966), “На маім акне: Таніны апавяданні” (Мінск, 1966), “Лицо в полоску” (Минск, 1967), “Незнарок і знарок” (Мінск, 1969), “Такіх кветак не бывае” (Мінск, 1971), “Хто такія мы” (Мінск, 1973; па-руску: Минск, 1980), “Са мной здарылася неверагоднае” (Мінск, 1977). Пераклаў на беларускую мову казкі народаў Паўночнага Каўказа (зборнік “Напітак волатаў”, Мінск, 1969). Выдадзены зборнік выбраных твораў “Горад без папугайчыкаў” (Мінск, 1983). У 1971 г. паводле яго апавядання “Твар у палоску” зняты тэлефільм.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 234).