Гарбацкі Уладзіслаў (сапр. Іваноў, нар. 1978, Віцебск). Пісьменнік, перакладчык, сацыялінгвіст.
Цягам 10 гадоў жыў з бацькамі ў г. Радужны Ханты-Мансійскай акругі Расіі. У 1995 г. вярнуўся ў Беларусь. Закончыў франка-беларускі факультэт палітычных і адміністрацыйных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Мінску (2000), магістратуру ў галіне паліталогіі ў Інстытуце палітычных навук у Страсбургу (2001). У 2002 г. навучаўся ў Рэймскім універсітэце ў магістратуры па спецыяльнасці “дарадца/медыятар у пытаннях плоці і сексуальнасці”. З 2007 г. выкладае ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. З 2014 г. жыве і працуе ў Вільні. У 2017 г. абараніў доктарскую дысертацыю на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. З 2019 г. адказны за дзейнасць Цэнтра гендэрных даследаванняў пры ЕГУ.
Адзін з першых у Беларусі даследчыкаў і публіцыстаў на тэмы, звязаныя з жыццём і гісторыяй ЛГБТК-супольнасці. Першыя літаратурныя творы публікаваў у перыёдыках “Наша Ніва”, “ARCHE”, пазней у газеце “Новы Час”, інтэрнэт-часопісе “ПрайдзіСвет”. Аўтар зборнікаў апавяданняў “Песьні тралейбусных рагуляў” (2016), “Mercks Graz!” (London, 2022), прац па сацыялінгвістыцы “Аб фэмінізацыі беларускай мовы” (Leicester, 2012), “Гід па фэмінізацыі беларускай мовы” (Вільня, 2016), “Фэмінізацыя беларускай мовы. Сацыялінгвістычнае дасьледаваньне” (Вільня, 2019). Перакладае з французскай, украінскай, літоўскай, рускай, славенскай моваў. Укладальнік зборніка твораў Палуты Бадуновай (Вільня, 2018).