Гарбацэвіч Васіль Савіч (19.4.1893 в. Дукарка, цяпер Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.9.1985, Дукора, Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Драматург. Сябра СП з 1981 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1913 г. закончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам Лютаўскай земскай школы пад Сянно (1913—1915). Закончыў Мінскі настаўніцкі інстытут (1918) і Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут (1933). Настаўнічаў у Дукорскай школе (1918—1924), выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Магілёўскім педагагічным тэхнікуме (1924—1929). Арганізатар і кіраўнік Магілёўскай філіі “Маладняка” (1925–1928).
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1943 г. пад Каневам быў цяжка паранены. Настаўнічаў у вёсцы Дукора на Міншчыне (1933—1941, 1945–1957). Заслужаны настаўнік БССР (1947). Узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Сябра СП СССР з 1981 г.
Пахаваны на могілках в. Дукора, Пухавіцкага раёну Мінскай вобласці.
Друкаваўся з 1923 г. Яго п’еса “Вяселле”, напісаная на аснове беларускага вясельнага абраду, пастаўлена БДТ (1921). Аўтар п’ес “К бяздонню” (пастаўлена ў 1922), “Чырвоныя кветкі Беларусі” (Мінск, 1959, пастаўлена ў 1923), “Пад вішнёвымі садкамі” (Мінск, 1927), “Песні нашых дзён” (Мінск, 1930), кнігі успамінаў пра сустрэчы з М. Багдановічам у Яраслаўлі “Шлях паэта” (Мінск, 1975). Выдадзены зборнік п’есаў “Чырвоныя кветкі Беларусі” (Мінск, 1983).