Гапееў Валерый Мікалаевіч (нар. 6 лютага 1963, Восава, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць) — беларускі пісьменнік, журналіст.
Вучыўся ў Балатнянскай сярэдняй школе, потым — у Мінскім электратэхнікуме сувязі. Працаваў майстрам у вучылішчы ў Казахстане, служыў у савецкай арміі (1982—1984). Пасля працаваў на «Інтэграле». У 1992 годзе пераехаў з сям’ёй у Івацэвічы, працаваў на заводзе. Тым жа часам пачаў пісаць прозу. Працаваў у раённай газеце пазаштатным карэспандэнтам. У 1995 годзе запрошаны на працу карэспандэнтам у «Газету Уладзіміра Кудзінава» (пасля — «Газета для вас»). У 1997 годзе перайшоў на працу ў раённую газету «Івацэвіцкі веснік». Працаваў у рэдакцыі раённай газеты карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, адказным сакратаром. Звольнены «па пагадненні бакоў» у лістападзе 2021 года.
Друкуецца з 1994 г. Аўтар кніг «Пастка на рыцара» (2002), «Урокі першага кахання» (2010), «Урокі першага кахання» (2011), «Ведзьміна тоня» (2012), «Праклён» (2013), «Я размалюю для цябе неба» (2013), «Сонечная паляна» (2013), «Ноч цмока» (2016), «Мая мілая ведзьма» (2017), «Пазл» (2019), «Зніч ваўкалака» (2020), «І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік» (2020), «Жэнька — каралева мышак: гісторыі з жыцця адной беларускай дзяўчынкі» (2021), «Вольнеры. Прадвесце» (2023).
Уваходзіў у сябры СПБ з 2006 года, з 2015 года ўваходзіў у незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» (за кнігу «Пастка на рыцара») (2011), лаўрэат прэміі часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф» (2016), Лаўрэат «Брэсцкай мядовай літаратурнай прэміі» (за літаратурныя дасягненні апошніх гадоў) (2017), лаўрэат Прэміі Цёткі ў намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей або падлеткаў» (за кнігу «Мая мілая ведзьма») (2018), ІІІ месца літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца за кнігу «Жэнька, каралева мышак» «за стварэнне дзіцячага свету, поўнага дарослай мудрасці» (2022).