Гапава Валянціна Ігнатаўна (3.1.1923, в. Малая Чэрніца, Віцебскі р-н Віцебскай вобл. — 14.1.2003, Мінск). Літаратуразнаўца.
Як медсястра ўдзельнічала ў абароне Ленінграда у час Вялікай Айчыннай вайны. Закончыла Ленінградскі ўніверсітэт (1946), вучылася ў аспірантуры на кафедры славянскіх літаратур. У 1953 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю “Произведения Элизы Ожешко о белорусскос крестьянстве”. У 1949—1955 гг. выкладала польскую літаратуру ў Ленінградскім універсітэце. У 1955—1957 гг. — рускую літаратуру ў Мінскім педагагічным інстытуце. У 1959—1986 гг. працавала старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР. Кандыдат філалагічных навук.
Пахаваная на Паўночных могілках Мінска.
Выступала ў друку з 1951 г. Адна з аўтараў “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры, 1941—1980” (Мінск, 1983). Аўтарка кніг “Эліза Ажэшка: жыццё і творчасць” (Мінск, 1969), “Зменлівае і спрадвечнае: Вопыт тыпалагічнага даследавання беларускай і польскай “вясковай прозы”” (Мінск, 1975), “Пімен Панчанка (да 60-годдзя з дня нараджэння)” (Мінск, 1977), “Белорусско-русское поэтическое взаимодействие” (Минск, 1979), “Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы” (Мінск, 1983).