Гамолка Мікола Іванавіч (11.3.1922, в. Брынёў, Петрыкаўскі р-н, Гомельская вобл. — 3.5.1992, Мінск). Празаік, паэт. Сябра СП з 1946 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1939—1940, завочна ў 1948—1952). У 1940—1946 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1947 г. паступіў на працу рэдактарам у Дзяржаўнае выдавецтва БССР, у 1948—1949 гг. літсупрацоўнік рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, з 1949 г. загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”, у 1951—1962 гг. адказны сакратар часопіса “Бярозка”. З 1967 г. адказны сакратар Камісіі па Дзяржаўных прэміях БССР пры Савеце Міністраў рэспублікі. У 1970—1980 гг. і ў 1982—1986 гг. літкансультант СП БССР, у 1980—1982 гг. дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР.
Пахаваны ў в. Астрошыцы Мінскага раёна, Мінскай вобласці.
Першыя вершы надрукаваў у 1937 г. (бабруйская газета “Камуніст”). Аўтар зборнікаў вершаў “Зварот шчасця” (Мінск, 1946) і “Б’юць куранты” (Мінск, 1950). Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Аўтар аповесцей для дзяцей “Лета ў Калінаўцы” (Мінск, 1950; дапоўненае выданне: Мінск, 1956; па-руску: Москва, 1956), “Добры дзень, школа!” (Мінск, 1953), “За вялікую трасу” (часопіс “Полымя”, 1954; па-руску: Минск, 1956), а таксама рамана “Шосты акіян” (Мінск, 1959; па-руску: Минск, 1961), аповесцей “Лясная крэпасць” (Мінск, 1980; па-ўкраінску: Киïв, 1988), “Сокалы-сакаляняты” (Мінск, 1987), “Партызанскія сёстры” (Мінск, 1989), “Девушка шла по войне” (Минск, 1972), зборнікаў апавяданняў “Шлях адкрыты” (Мінск, 1960), “Дарогі вы, дарогі…” (Мінск, 1976), п’есы “Бітва ў космасе” (пастаўлена ў 1963 г.). На рускай мове Выдадзеныя Выбраныя творы ў 2 тамах (Мінск, 1982—1983). Пераклаў на беларускую мову п’есу-казку Я. Шварца “Чырвоная шапачка” (пастаўлена ў 1967 г.).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 279).