Галубовіч Леанід Міхайлавіч (12.08.1950, в. Вароніна, Клецкі р-н Мінскай вобл.). Пісьменнік. Уваходзіў у сябры СБП.
Пасля заканчэння Грыцэвіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна (1967), затым слуцкай прафесійна-тэхнічнай вучэльні № 97 (1969) працаваў электрыкам на Жабінкаўскім цукровым заводзе. Служыў у Савецкай Арміі (1970—1972). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1989 г. закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У 1989—1994 гг. працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных праграм на Беларускім тэлебачанні. У 1994—2002 гг. — у часопісе “Крыніца”, у 2002—2010 гг. — у аддзеле крытыкі штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Сябра СП СССР з 1984 г.
Аўтар кніг “Таемнасць агню” (Мінск, 1984), “Споведзь бяссоннай душы” (Мінск, 1989), “Бусел без гнязда” (Мінск, 1989; па-руску: Москва, 1989), “Таемнасць споведзі” (Мінск, 1993), “Заложнік цемры” (Мінск, 1994), “Зацемкі з левай кішэні” (Мінск, 1998), “Апошнія вершы Леаніда Галубовіча” (Полацк, 2000), “Сыс і кулуары” (Мінск, 2010), “З гэтага свету. Вершы пасля вершаў” (Мінск, 2012), “Поўня” (Мінск, 2015). Лаўрэат Брэсцкай мядовай літаратурнай прэміі (2007), прэміі “Залатая літара” (2010).