Галубок Уладзіслаў, сапр. Голуб Уладзіслаў Іосіфавіч (15.5.1882, станцыя Лясная, цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 28.9.1937, Менск, НКУС). Празаік, драматург, артыст. Сябра СП з 1934 г.
Нарадзіўся ў сям’і рабочага-чыгуначніка Іосіфа Голуба. Пачатковую адукацыю атрымаў у царкоўна-парафіяльнай школе ў Мінску. У 1917—1920 гг. працаваў як акцёр, драматург і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. У 1920 г. арганізаваў у Менску Трупу беларускіх артыстаў, якая пазней ператварылася ў Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Падрыхтаваў і выхаваў нямала таленавітых беларускіх акцёраў. Вёў актыўную культурна-асветніцкую працу сярод жыхароў Беларусі. Першы народны артыст Беларусі (1928). Сябра Саюза пісьменнікаў СССР (1934). Арыштаваны ў 1937 г. Расстраляны. Рэабілітаваны 26 жніўня 1957 г.
Месца пахавання невядомае.
Дэбютаваў ў друку ў 1906 г. вершамі і апавяданнямі ў “Нашай Ніве”. Аўтар п’ес “Апошняе спатканьне” (Вільня, 1917, пастаўлена ў 1919), “Бязьвінная кроў” (пастаўлена ў 1918), “Залёты дзяка” (пастаўлена ў 1918), “Бязродны” (пастаўлена ў 1919), “Суд” (Вільня, 1925, пастаўлена ў 1924), “Душагубы” (пастаўлена ў 1921), “Фанатык” (пастаўлена ў 1922), “Плытагоны” (пастаўлена ў 1923), “Пінская мадонна” (пастаўлена ў 1927), “Пісаравы імяніны” (Менск, 1927, пастаўлена ў 1927), “Белы вянок” (Менск, 1929, пастаўлена ў 1929), “Ганка” (Менск, 1929, пастаўлена ў 1929), “Ветрагоны” (Менск, 1930, пастаўлена ў 1930), “Пан Сурынта” (Менск, 1930, пастаўлена ў 1930), “Краб” (Менск, 1930, пастаўлена ў 1930), “Белая зброя” (Менск, 1933, пастаўлена пад назвай “Рыкашэт” у 1935). Акрамя таго, з’яўляецца аўтарам зборнікаў апавяданняў “Апавяданні” (Пецярбург, 1913) і нарысаў “Сляды старыны” (часопіс “Лучынка”). Выдадзеныя зборнікі выбраных твораў У. Галубка “П’есы” (Мінск, 1968), “Творы: драматургія, паэзія, проза, публіцыстыка” (Мінск, 1983), “Апошняе спатканне” (Мінск, 2007), “Выбраныя творы” (Мінск, 2021).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Дзяржаўным цэнтральным тэатральным музеі імя А.А.Бахрушына (Масква), Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва, аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (ф. 21, Віленскі беларускі фонд).
У 2007 годзе ў гонар У. Галубка названая вуліца ў новым мінскім мікрараёне Дамброўка.