Галіна Антось

Галіна Антось (сапр. Міцкевіч Міхась Міхайлавіч, 13.7.1897 , в. Мікалаеўшчына, цяпер Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл — 25.10.1991, Нью-Ёрк, ЗША). Празаік, перакладчык, выдавец. 

Наймалодшы брат Якуба Коласа. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Удзельнічаў у Першым Усебеларускім кангрэсе 1917 г. У 1919—1920 гг. выкладаў беларускую мову ў Менскай беларускай гімназіі. У 1920—1930-х гг. настаўнічаў. Ад верасня 1939 г. быў настаўнікам, потым дырэктарам школы ў Мікалаеўшчыне.  Падчас нямецкай акупацыі працаваў інспектарам беларускіх школ на Стаўбцоўскі раён. Ад 1944 г. — на эміграцыі. Адзін з арганізатараў беларускага лагера DP у Рэгенсбургу. Адзін з заснавальнікаў Беларускага нацыянальнага камітэта ў Германіі, а таксама Беларускай гімназіі імя Я. Купалы, дзе працаваў настаўнікам. У 1950 г. выехаў у ЗША. Быў сябрам Беларуска-Амерыканскага задзіночання, актывістам Нью-Ёркскага аддзела арганізацыі. У 1954—1962 гг. быў рэдактарам газеты “Беларус”. Выкладаў у беларускай школе ў Нью-Ёрку. У 1970—1981 гг. займаўся выданнем часопіса “Голас Царквы”. 

Пахаваны на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Іст-Брансўіку, Нью-Джэрсі, ЗША.

Пачаў пісаць у 1917—1918 гг., друкаваўся на старонках газет “Вольная Беларусь”, “Беларусь”, “Звон” і інш. Быў заўважаны М. Багдановічам і М. Гарэцкім. У 1917 г. у суаўтарстве з Я. Лёсікам выйшла кніга-апавяданне “Як Мікіта бараніў сваіх”. На эміграцыі стаў аўтарам чатырох чытанак для дзяцей, а таксама п’есаў “Калядны вечар” (Нью-Ёрк, 1966), “Цудоўная ноч” (Нью-Ёрк, 1967) і інш. Перакладаў на беларускую мову кананічныя і службоўныя тэксты, у тым ліку “Святое Евангелле”, перавыдадзенае ў Мінску з рукапісаў у 2021 г.