Гайдук Мікола

Гайдук Мікола (29.5.1931, в. Кабылянка, Беластоцкае ваяв., Польшча — 2.9.1998, Беласток, Польшча). Празаік, краязнаўца. 

Нарадзіўся у сялянскай сям’і. Закончыў агульнаадукацыйны ліцэй у мястэчку Міхалова (1951). Два гады працаваў у гміннай управе. З 1953 г. вучыўся ў СССР на філалагічных факультэтах ва ўніверсітэтах Растова-на-Доне, Ленінграда. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1959), працаваў у агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Б. Тарашкевіча ў Бельску Падляскім спачатку як настаўнік беларускай і лацінскай моў, з 1965 г. — дырэктарам ліцэя. У 1959—1964 гг. адначасова выкладаў беларускую літаратуру на беларускім аддзяленні завочнай настаўніцкай студыі ў Беластоку. З 1971 г. працаваў у газеце “Ніва” (Беласток), у 1971—1986 гг. — публіцыст, у 1986—1988 гг. — намеснік галоўнага рэдактара. Сябра Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (з 1958). Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў (з 1985). Узнагароджаны ордэнамі Кавалерскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы, Залатым крыжам і Сярэбраным крыжам заслугі і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1986).

Пахаваны на Праваслаўных могілках у Беластоку.

Дэбютаваў ў друку вершам ў 1957 г. (газета “Ніва”). Аўтар зборніка вершаў “Ціш” (Беласток, 1988), зборнікаў апавяданняў, аповесцей і гістарычных эсэ “Трызна” (Мінск, 1991), “Паратунак” (Мінск, 1993), “Брэсцкая унія” (Беласток, 1995), укладальнік зборнікаў казак, легенд і паданняў “Аб чым шуміць Белавежская пушча” (Беласток, 1982), “Белавежскія быліцы і небыліцы” (Мінск, 1996) і “Легенды Беласточчыны” (Беласток, 1997), зборнікаў абрадавых песняў “Białoruskie wiosenne pieśni obrzędowe na Białostocczyźnie” (Wrocław, 1981) і “Białoruskie obrzędowe pieśni narodzinowe na Białostocczyźnie” (Wrocław, 1985). Выступаў як публіцыст, літаратуразнавец і перакладчык паэзіі з польскай на беларускую мову. Апублікаваў каля 600 уласных запісаў беларускіх песень з нотамі. Сааўтар (з Л. Гайдук) падручнікаў па беларускай мове для 3, 4, 5 класаў (Варшава, 1962—1987) і “Граматыкі беларускай мовы для 5-8 класаў беларускай пачатковай школы” (Варшава, 1975).