Езавітаў Кастусь Барысавіч (5.11.1893, Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія — 23.5.1946, Мінск). Паэт, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч, вайсковец.
Закончыў Дзвінскае 2-ое гарадское вучылішча (1908), Віцебскі вучыцельскі інстытут (1916). З 1916 г. залічаны Паўлаўскае вайсковае вучылішча ў Петраградзе, з 1917 г. — на фронце. Праводзіў актыўную тлумачальную і арганізацыйную працу сярод жаўнераў-беларусаў Паўночнага фронту, быў абраны намеснікам старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Удзельнік Першага Усебеларускага кангрэсу ў снежні 1917 г., у лютым 1918 г. — вайсковы камендант Менску. Народны сакратар па вайсковых справах, удзельнік абвяшчэньня незалежнасці БНР. У 1919—1920 гг. быў кіраўніком Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі й Эстоніі. У 1921—1944 гг. засноўваў і кіраваў рознымі беларускімі арганізацыямі ў Латвіі, выдаваў перыёдыкі “Голас Беларуса”, “Беларуская школа ў Латвіі” і інш., займаўся арганізацыяй беларускага школьніцтва. У часе Другога Усебеларускага кангрэса ў 1944 г. быў абраны ў склад Беларускай цэнтральнай рады, у 1945 г. займаў пасаду кіраўніка вайсковага аддзела БЦР. Затрыманы СМЕРШам у красавіку 1945 г.
Памёр у турме ў Мінску. Паводле адных звестак, ад дыстрафіі і сухотаў, паводле іншых – расстраляны органамі НКУС. Месца пахавання невядомае.
Пісаў вершы пад псеўданімам Кастусёнак, публікаваў іх на старонках перыядычных выданняў і зборнікаў. Аўтар шматлікіх беларусазнаўчых і мемуарных тэкстаў, прысвечаных беларускай культуры і гістарычным падзеям, у якіх браў удзел. Выдаў кнігі “Белорусы и поляки” (Ковно, 1919), “Беларуская школа: Першая пасьля лемантара кніга для чытаньня” (Рыга, 1926), “Беларусь у мінулым і сучасным” (Рыга, 1927), “Беларусы ў Латвіі” (Рыга, 1927), “Становішча беларускае школы ў Латвіі” (Вільня, 1932), “Беларускае культурна-асветнае т-ва “Бацькаўшчына” ў Латвіі” (Рыга, 1932), “Беларусы ў Літве” (Рыга, 1932).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (фонд 458), Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі (фонд 5875).