Ермаловіч Мікола Іванавіч (псеўд. Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў; 29.4.1921, в. Малыя Навасёлкі, цяпер Дзяржынскі р-н Мінскай вобл. — 5.3.2000, Мінск). Гісторык, пісьменнік, крытык. Сябра СП з 1989 г.
Закончыў Дзяржынскую сярэднюю школу (1938) і паступіў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута, дзе да пачатку Другой сусветнай вайны закончыў 3 курсы. Праз дрэнны зрок вызвалены ад службы ў арміі, эвакуаваўся і працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лабаскі Мардоўскай АССР. У канцы 1943 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў інспектарам райана ў Суражы Віцебскай вобласці. У 1944—1946 гг. завуч сярэдняй школы ў Дзяржынску Мінскай вобласці. З 1946 г. аднавіў вучобу ў педінстытуце, які скончыў у 1947 г. У 1947—1948 гг. вучыўся ў аспірантуры пры педінстытуце. У 1948—1955 гг. выкладаў беларускую літаратуру ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, у 1955—1957 гг. працаваў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. З 1957 г. даследаваў старажытныя летапісныя крыніцы. У 1963—1964 гг. самвыдацкім спосабам выдаваў рукапісны часопіс “Падснежнік” (выйшла 4 нумары), у 1975—1976 гг. — рукапісны самвыдацкі часопіс “Гутаркі: аб усім, што баліць” (выйшла звыш 50 нумароў). Жыў у Маладзечне, у апошнія гады — у Мінску. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1990), ордэнам “Гонар Айчыны” (1997). Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1989 г.
Пахаваны на старых могілках Маладзечна, Мінскай вобласці (чыгуначная станцыя “Фестывальны”). У Маладзечна Міколу Ермаловічу усталяваны памятны знак.
Дэбютаваў у друку ў 1948 г. Выступаў з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладзечанскай раённай газеце, альманаху “Нарач”, газетах “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, “Голас Радзімы”, часопісах “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”, навуковых зборніках. Аўтар кніг па гісторыі “Дарагое беларусам імя” (Мінск, 1970; па-англійску: Minsk, 1980), “Па слядах аднаго міфа” (Мінск, 1989), “Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды” (Мінск, 1990), “Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд” (Мінск, 1994), “Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае” (Мінск, 2000), зборніка паэзіі “Сшытак вершаў” (1992?). Выдадзеная кніга “Выбранае” (Мінск, 2010). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры за кнігу “Старажытная Беларусь” (1992), Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 444).