Дуктаў Уладзімір Уладзіміравіч (28.12.1953, Крычаў, Магілёўская вобл. — 25.6.2017, Магілёў). Празаік. Сябра СП з 1994 г.
Нарадзіўся ў сям’і служачых. Пасля заканчэння школы займаўся на факультэце журналістыкі БДУ, вучыўся ў ВПШ (1986—1987). З 1976 г. працаваў карэспандэнтам клімавіцкай раённай газеты “Новае жыццё”. З 1977 г. лектар, з 1979 г. намеснік загадчыка аддзела, з 1980 г. загадчык аддзела Магілёўскага абкама камсамола. З 1982 г. загадчык аддзела Кастрычніцкага райкама партыі Магілёва, з 1984 г. інструктар Магілёўскага абкама партыі. З 1987 г. рэдактар магілёўскай раённай газеты “Прыдняпроўская ніва”. У 1994 г. абраны сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення СБП.
Пахаваны ў Магілёве.
Дэбютаваў у друку ў 1986 г. Аўтар кніг прозы “Дзякуй і даруй” (Мінск, 1993), “Трэцяя асоба” (Мінск, 1997), “Апёк” (Мінск, 2015), зборнікаў мініяцюр і гумарэсак “Смешкі-пацешкі” (Магілёў, 1998), “Кніжнік” (Магілёў, 2005). Друкаваўся ў калектыўных зборніках “Галасы Прыдняпроўя”, “Дняпроўскія хвалі”, “Карані”, “Прыдняпроўе — маё натхненне”, у рэспубліканскай перыёдыцы.