Дудо Пятро Дзмітрыевіч (4.9.1911, в. Забалацце, цяпер Лепельскі р-н Віцебскай вобл. — 23.2.1958, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1958 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. З 1935 г. служыў у Чырвонай Арміі. У 1940 г. закончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску. З 1940 г. намеснік рэдактара газеты “Вольная праца” ў Беластоку. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, быў палітработнікам, супрацоўнічаў у армейскім друку. З 1949 г. карэспандэнт газеты “Во славу Родины” (Мінск). Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі. Сябра СП БССР з 1958 г.
Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.
Дэбютаваў у друку ў 1934 г. Выступаў з нарысамі і апавяданнямі. Аўтар аповесці “Першы салют” (Мінск, 1958), сатырычнай камедыі “Чортаў тузін” (Мінск, 1963).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 297).