Дудараў Аляксей Ануфрыевіч (6.6.1950, в. Кляны, Дубровенскі р-н Віцебскай вобл. — 27.2.2023, Мінск). Драматург.
Нарадзіўся ў сям’і калгаснікаў. Закончыў Наваполацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў (1968), быў слесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе. Закончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці “акцёр драмы і кіно” (1976). Працаваў акцёрам, у 1976—1979 гг. загадчык літаратурнай часткі ТЮГа, у 1976—1983 гг. сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі “Тэлефільм”, у 1991—2002 гг. галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва”, у 2003—2013 гг. мастацкі кіраўнік Драматычнага тэатра Беларускай арміі. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Быў сябрам СП СССР (з 1979), Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989).
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Дэбютаваў у друку ў 1973 г. Пісаў апавяданні, казкі для дзяцей. Найбольш вядомы як драматург і кінадраматург. Аўтар п’ес “Выбар” (пастаўлена ў 1979), “Парог” пастаўлена ў 1981), “Апошні ўзлёт” (пастаўлена ў 1982), “Вечар” (пастаўлена ў 1983), “Радавыя” (пастаўлена ў 1984), “Злом” (пастаўлена ў 1989), “Вежа” (разам з У. Някляевым; пастаўлена ў 1990), “Купала” (пастаўлена ў 1994), “Адцуранне” (пастаўлена ў 1994), “Песня пра зубра” (пастаўлена ў 1994), “Палачанка” (пастаўлена ў 1998), “Чорная панна Нясвіжа” (пастаўлена ў 1999), “Прынц Мамабук” (пастаўлена ў 1999), “Кім” (пастаўлена ў 2001), “Люці” (пастаўлена ў 2002), “Князь Вітаўт” (пастаўлена ў 2013) і інш., інсцэніровак раманаў “Як гартавалася сталь” (пастаўлена ў 1980) і “Майстар і Маргарыта”. Аўтар зборніка апавяданняў “Святая птушка” (Мінск, 1979), кніжкі казак для дзяцей “Сінявочка” (Мінск, 1981). Выдадзеныя зборнікі п’ес “Дыялог” (Мінск, 1987), “Крыж” (Мінск, 2002), “Князь Вітаўт” Мінск, 2005, “Радавыя” Мінск, 2021, зборнік “Апавяданні. П’есы” (Мінск, 2022). Паводле сцэнарыяў Аляксея Дударава пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы “Кола” (1977), “Дэбют” (1978), “Суседзі” (1979), “Буслянё” (1980), “Купальская ноч” (1982), “Белыя росы” (1984), “Восеньскія сны” (1986). Пераклаў на беларускую мову хроніку Уільяма Шэкспіра “Рычард III”. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за зборнік апавяданняў “Святая птушка” і п’есу “Выбар”, Ленінскага камсамола (1984) за творы апошніх гадоў, Дзяржаўнай прэміі СССР (1985) за спектакль “Радавыя”, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2002).