Дудар Алесь (сапр. Дайлідовіч Алесь Аляксандравіч) (24.12.1904, в. Навасёлкі, цяпер Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл. — 29.10.1937, Мінск). Паэт, перакладчык, празаік, крытык. Сябра СП з 1934 г.
У час Першай сусветнай вайны з бацькамі знаходзіўся ў бежанстве у г. Казлоў Тамбоўскай губерні (цяпер Мічурынск). У 1917 г. сям’я вярнулася ў Беларусь. Пасля атрымання ў Менску сярэдняй адукацыі (1921) уступіў у тэатральную трупу Уладзіслава Галубка. У 1923 г. стаў адным з заснавальнікаў менскай, віцебскай і полацкай філіяў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. У 1927—1928 гг. вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў быў вымушаны пайсці з універсітэта. У снежні 1927 г. выйшаў з “Маладняка” і далучыўся да новага літаратурнага аб’яднання “Полымя”. У сакавіку 1929 г. арыштаваны за верш “Пасеклі наш край папалам…” Высланы на тры гады ў Смаленск (Расія). У ліпені 1930 г. арыштаваны ў Смаленску і прывезены ў Менск па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. У 1931 г. апынуўся зноў у Смаленску. Па сканчэнні тэрміну высылкі вярнуўся ў Менск. Сябра Саюзу пісьменнікаў БССР з 1934 г. У 1935—1936 гг. займаўся перакладамі. 31.10.1936 арыштаваны зноў. Расстраляны органамі НКУС у Мінску. Прыгавор Ваеннай калегіі ад 28.10.1937 г. у адносінах да яго адменены Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР (1957), і справа спынена. Рэабілітаваны пасмяротна 21.09.1957 г.
Месца пахавання невядомае.
Першыя вершы надрукаваў у 1921 г. Выдаў зборнікі вершаў “Беларусь бунтарская” (Менск, 1925), “Сонечнымі сцежкамі” (Менск, 1925), “І залацісцей, і сталёвей” (Мінск, 1926), “Вежа” (Менск, 1928), паэмы “Шанхайскі шоўк” (Менск, 1926), “Слуцак” (Менск, 1935), зборнік апавяданняў “Марсельеза” (Менск, 1927). Разам з А.Александровічам і А.Вольным напісаў раман “Ваўчаняты” (1925). Выступаў і як крытык. Пад псеўданімам Т.Глыбоцкі выдаў зборнік артыкулаў “Пра літаратурныя справы” (1928). Пераклаў некаторыя творы А.Пушкіна, паэму “Дванаццаць” А.Блока, урыўкі з “Фаўста” І.В.Гётэ, творы С.Ясеніна, Б.Пастарнака, М.Ціханава, Г.Гейнэ, Э.Вайнерта і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі “Выбраныя вершы’ С.Стандэ (1932), аповесць Ф.Гладкова “Новая зямля” (1932), раман У.Кузьміча “Крыллі авіяспіралі” (1932), “Апавяданне пра кайданы” М.Ляшко (1933), “Вільгельм Тэль” Ф.Шылера (1934), “Жаніцьба Фігара” П.Бамаршэ (1936). У 1959 г. выйшлі Выбраныя творы, у 1984 г. — зборнік вершаў і паэм “Вежа”, у 2017 г. у выдавецтве “Лімарыус” у серыі “Галасы Айчыны” пабачыў свет том “Выбраныя творы”, укладзены Ганнай Севярынец. Пераклад рамана ў вершах А. Пушкіна “Яўген Анегін” выйшаў у зборніку “Тры Анегіны” ў 2020 г.
Некаторыя дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 529).