Дубровіч Алесь (сапр. Рэдзька Аляксей Рыгоравіч, 1910, в. Галубічы, цяпер в. Каралевічы, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 7.11.1942, Глыбоччына). Паэт, грамадскі дзеяч Заходняй Беларусі.
Пасля заканчэння вясковай школы займаўся самаадукацыяй. У 1933 г. быў удзельнікам I нелегальнага з’езду пісьменнікаў, неўзабаве арыштаваны польскай уладай, два з паловай гады правёў у Віленскай турме на Лукішках. У 1936 г. выйшаў на волю. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працаваў у валасным рабоча-сялянскім камітэце, выбіраўся старшынёй сельсавета, быў дэлегатам Народнага сходу ў Беластоку (1939), працаваў карэспандэнтам газеты “Вілейская праўда” (1940). У час вайны вёў падпольную работу ў родных мясцінах на Глыбоччыне, трымаў сувязь з партызанамі. У пачатку лістапада 1942 г. арыштаваны і расстраляны як падпольшчык нямецкімі ўладамі каля в. Галубічы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.
Перапахаваны на могілках у вёсцы Каралевічы. На месцы расстрэлу пастаўлены помнік. Імем Алеся Дубровіча названая вуліца ў г. Глыбокае, там жа ўсталяваны бюст паэта.
Дэбютаваў у друку ў газеце “Доля працы”. Друкаваўся ў перыядычных выданнях “Беларуская газета”, “Літаратурная старонка”, “Беларускі летапіс”, “Калоссе”. Нізкі вершаў змешчаны ў калектыўных зборніках “Мы іх не забудзем” (Мінск, 1949), “Сцягі і паходні” (Мінск, 1965), “Крывёю сэрца” (Мінск, 1967), “Радзіме — радок і жыццё” (Мінск, 1986), “Ростані волі” (Мінск, 1990), “Недаспяваныя песні” (Мінск, 2015).