Дуброўскі Міхась Георгіевіч (3.10.1897, в. Казелле, цяпер Краснапольскі р-н Магілёўскай вобл. — 11.9.1983). Паэт, перакладчык, драматург. Сябра СП з 1959 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Працаваў паштальёнам у Харкаве (1915—1916), быў прызваны ў армію. Браў удзел у падзеях Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Смаленску і на Клімаўшчыне. Служыў у Чырвонай Арміі. Закончыў творчае аддзяленне Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытута імя В. Брусава ў Маскве (1925), быў накіраваны на працу ў Мінск — навуковым супрацоўнікам літаратурнай камісіі Інбелкульта. У 1926—1945 гг. жыў у Маскве, працаваў упраўдомам ва Усесаюзным радыёкамітэце, настаўнічаў (у 1941—1942 гг. працаваў у Башкірыі). Закончыў аспірантуру пры Маскоўскім інстытуце гісторыі, філасофіі і літаратуры (1941). З 1945 г. старшы выкладчык Брэсцкага педагагічнага інстытута, у 1949—1950 гг. — Літаратурнага інстытута (Масква), у 1950—1957 гг. — Гродзенскага педінстытута. Узнагароджаны медалямі. Сябра СП СССР з 1959 г.
Пахаваны на гарадскіх могілках “Сакрэт” г. Гродна.
Дэбютаваў у друку ў 1918 г. Выступаў з вершамі, п’есамі, артыкуламі. Суаўтар (разам з П. Шастаковым) п’есы-лібрэта “Уласнай рукой” (газета “Гудок”, 1928—1929, пастаўленая ў 1919). Пераклаў паэму О. Уайльда “Балада Рэдынгскай турмы” (Менск, 1926).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 357).