Дубянецкі Міхаіл Фёдаравіч (4.4.1927, в. Востраў, цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл. — 3.9.1990, Мінск). Перакладчык, публіцыст. Сябра СП з 1984 г. Брат філосафа, палітолага і публіцыста Станіслава Дубянецкага, бацька паэтэсы Галіны Дубянецкай і філосафа, тэолага Ірыны Дубянецкай.
Вучыўся ў Востраўскай сямігадовай польскай школе, у 1938—1939 гг. у адной з гімназій Познані (Польшча). У верасні 1944 г. закончыў кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Пінску, быў настаўнікам пачатковых класаў Лемяшэвіцкай няпоўнай сярэдняй школы Пінскага раёна. У 1945—1951 гг. служыў у арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Пінскім райкаме КПБ (1951—1952). Закончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1956). У 1956—1961 гг. загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Ганцавіцкага райкама КПБ, намеснік рэдактара ганцавіцкай раённай газеты “Сялянская праўда”. Адначасова з працай у газеце завочна закончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС (1960) па спецыяльнасці журналістыка. З 1961 г. працаваў рэдактарам у выдавецтве “Беларусь”, загадчыкам рэдакцыі эканамічнай літаратуры, галоўным рэдактарам выдавецтва “Ураджай”. У 1968—1975 гг. інструктар сектара друку ЦК КПБ. З 1975 г. адказны сакратар-намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. У 1979—1986 гг. дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Старшыня гісторыка-мемарыяльнай камісіі Беларускага фонду культуры. Сябра Грамадскай рады гісторыка-асветнага таварыства памяці ахвяр сталінізму “Мартыралог Беларусі” і Аргкамітэта па стварэнні Беларускага народнага фронту за перабудову “Адраджэньне” (1988), сябра Сойму БНФ (1989). Сябра СП з 1984 г.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
З 1964 г. выступаў у друку як перакладчык з рускай, польскай і ўкраінскай моў. Аўтар дакументальна-публіцыстычнага эсэ “„Злое вогнішча“: Да гісторыі выдання аповесці В. Быкава „Мёртвым не баліць“” (“Полымя”, 1999) і мемуараў, апублікаваных пасмяротна (“Полымя”, 2001; “Дзеяслоў”, 2008—2009), а таксама артыкулаў у айчынным і замежным перыядычным друку. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Д. Граніна “Гэта дзіўнае жыццё” (Мінск, 1983), В. Распуціна “Жыві і помні” (Мінск, 1982), С. Жаромскага “Верная рака” (Мінск, 1985), Г. Цюцюнніка “Клімко” (Мінск, 1982), зборнік украінскіх апавяданняў “Сцежка без канца” (Мінск, 1980), “Блакадная кніга” А. Адамовіча і Д. Граніна (Мінск, 1985), паасобныя творы С. Мрожака, У. Салаухіна, Ю. Шчэрбака і інш.