Дубянецкая Ірына Міхайлаўна (нар. 23.5.1964, Мінск). Філосаф, тэолаг. Уваходзіла ў сябры СБП.
Дачка Міхася Дубянецкага, сястра Галіны Дубянецкай. Закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры, выкладала на філалагічным факультэце БДУ, у Мінскім інстытуце замежных мой, Акадэміі мастацтваў. У канцы 1980-х была ўдзельніцай таварыства “Талака”. Адна з ініцыятараў руху за адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. У 1990 г. з сябрамі заснавала часопіс “Унія”, была яго галоўнай рэдактаркай. З 1992 г. вучылася ў Лонданскім місіянерскім інстытуце, у 1997—2005 гг. — у Лёвенскім каталіцкім універсітэце ў Бельгіі, дзе атрымала ліцэнцыят у арыенталістыцы (біблейскія студыі) і ў 2005 г. абараніла доктарскую дысертацыю “Космас і хаос у яўрэйскай Бібліі і міфалогіях старажытнага Блізкага Усходу”. Доктар філасофіі, доктар сакральнай тэалогіі (2005).
Валодае іўрытам, грэчаскай, арамейскай, угарыцкай, фінікійскай і іншымі мовамі старажытнага Блізкага Усходу. Займаецца біблеістыкай, вывучае старажытныя мовы і цывілізацыі Блізкага Усходу. Піша вершы. Укладальніца кнігі “Пра боскае і людзкое : думкі айца Аляксандра Надсана” (Мінск, 2008). Адна з рэдактараў і ўкладальнікаў кніг “Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца = Your sun shall never set again, and Your moon shall wane no more: зборнік артыкулаў па беларусістыцы і багаслоўі ў гонар 80-годдзя з дня нараджэння і 50-годдзя святарства айца Аляксандра Надсана” (Мінск, 2009), “Код прысутнасці: анталогія беларускага мыслення, 2000—2015” (Мінск, 2016), “Традыцыйны светалад беларусаў = Традиционная картина мира белорусов = Traditional worldview of Belarusians” (Мінск, 2023), “Трошкі бліжэй да Сонца, трошкі далей ад Месяца: беларуская народная філасофія” (Мінск, 2021, 2023).