Дубінка Вячаслаў Андрэевіч (17.12.1941, Слуцк, Мінская вобл. — 10.8.2010, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1988 г.
У 1958—1961 гг. вучыўся ў Чарнавіцкім тэхнікуме чыгуначнага транспарту. У 1961—1963 гг. працаваў майстрам, прарабам будаўнічага ўпраўлення, узводзіў ваенныя аб’екты ў Мазыры, Ельску, Петрыкаве, Бабруйску. З 1963 г. фотакарэспандэнт у слуцкай раённай газеце “Шлях Ільіча”, у 1964—1979 гг. фотакарэспандэнт раённых газет Беларусі: “Будаўнік камунізму” (Любань, 1964—1965), “Шахцёр” (Салігорск, 1965—1966), рэспубліканскіх газет: “Звязда” (1966—1971), “Чырвоная змена” (1972—1974), студыі “Фота і жыццё” Саюза журналістаў Беларусі (1974—1976). Фатограф рэстаўрацыйнай майстэрні Міністэрства культуры БССР (1979—1981). З 1981 г. у часопісе “Беларусь”. Займаўся мастацтвам выцінанкі, афармляў кнігі. Прызёр шматлікіх фота- і мастацкіх выстаў. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1988 г., Саюза мастакоў Беларусі з 2003 г., Саюза народных майстроў Беларусі з 2002 г..
Пахаваны ў Мінску.
Дэбютаваў у друку апавяданнем у газеце “Шлях Ільіча”. Аўтар аповесцей “Паплач ля роднае крынічкі” (Мінск, 1981), “Не плач, душа мая” (Мінск, 1983), “Браты святой ночы” (Мінск, 1986), “Развітальная песня” (Мінск, 1989), “Сіндыкат Манi Дулi” (Мінск, 1992), кнігі нататак “Ой, зялёны дубочак…” (Мінск, 1983). Выдадзеныя зборнікі прозы “Карацелькi” (Мінск, 2011), “Спецдаручэнец Кныр”, (Мінск, 2016), аўтарскі мастацкі альбом “Выцінанкi” (Мінск, 2011).