Дубавец Сяргей Іванавіч (нар. 17.9.1959, Мазыр, Гомельская вобл.). Журналіст і літаратар. Уваходзіў у сябры СБП.
Разам з бацькамі ў дзяцінстве пераехаў у Мінск. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1976) працаваў выпускным у не шматтыражнай газеце міністэрства ўнутраных справаў БССР “На страже Октября” на заводзе “Гарызонт”. У 1978—1980 гг. праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў тыпаграфіі мотастралковага падраздзялення міністэрства ўнутраных справаў БССР у Мінску. У 1979—1984 гг. вучыўся на факультэцк журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Быў адным з заснавальнікаў моладзевага аб’яднання Беларуская спеўна-драматычная майстроўня (“Майстроўня”). Працаваў у выдавецтве БелСЭ, газеце “Гомельская праўда”, нелегальным друку. У 1987—1990 гг. рэдактар аддзела крытыкі часопіса “Нёман”, У 1991—2000 гг. — галоўны рэдактар газеты “Наша Ніва”, у 2000—2001 гг. — радыё “Балтыйскія хвалі”, у 2004—2008 гг. — газеты “Свабода”. З 1997 г. быў аўтарам штотыднёвай перадачы “Вострая Брама” на радыё “Свабода”.
Літаратурную дзейнасць пачаў у “самвыдаце”. Аўтар кніг “Практыкаванні” (Мінск, 1992), “Русская книга” (Минск, 1998), “Дзёньнік прыватнага чалавека” (Мінск, 1998), “Вострая брама” (Радыё Свабода, 2005), “Вершы” (Менск, 2007), “Як? Азбука паводзінаў” (Радыё Свабода, 2009), “Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду” (Радыё Свабода, 2012), “Errta: як што называецца, так і адбываецца” (Мінск, 2013), “Сіні карабель у блакітным моры плыве, або Шукальнікі вечнасьці” (Мінск, 2014), “Д’ябал запрэжаны ў плуг” (Вільня, 2018), “Тантамарэскі: гісторыя аднаго працэсу” (Радыё Свабода, 2019), “Каліноўскі на Свабодзе” (Радыё Свабода, 2020), укладальнік трылогіі “Галасы Беларусі (2020—2022)” (Радыё Свабода, 2022—2023). Лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-Цэнтра (1998), прэміі “Гліняны Вялес” (2005), прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў (2015), прэміі “Залаты апостраф” (2015), прэміі імя Ежы Гедройца (2020).