Дубатоўка Валянцін Яўгенавіч (нар. 20.7.1963, в. Александрыя, Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.). Пісьменнік, краязнавец, мецэнат. Уваходзіў у сябры СБП.
Закончыў электратэхнічнае вучылішча ў Гродне (1982). У 1982—1984 гг. служыў у Савецкай Арміі, пасля дэмабілізацыі служыў у пажарнай ахове на прадпрыемстве “Азот”. У 1990-х стаў заснавальнікам і кіраўніком камерцыйных структур. Фундаваў кнігі: факсімільнае выданне Ларысы Геніюш “Ад родных ніў”, Міхася Скоблы “Розгі ў розніцу”, Юркі Голуба “Багра” ды інш. У касцёле Дзярэчына арганізаваў усталяванне мемарыяльнай дошкі ў гонар удзельніка паўстання 1830 г. Яўстаха Каятана Сапегі. У Зэльвенскай праваслаўнай царкве — дошкі памяці Ларысы Геніюш.
Пісаць пачаў яшчэ ў школьныя гады, друкаваўся ў Зэльвенскай раённай газеце “Праца”. Выступаў як аўтар тэкстаў песень для гродзенскіх музычных калектываў. Проза і вершы публікаваліся ў “Гродзенскай праўдзе”, “Дзелавой газеце”, у часопісах “Роднае Слова”, “Дзеяслоў”. Выдаў кнігу даследаванняў і вершаў “Архіпелаг Сапегаў” (Мінск, 2002) і кнігі прозы “Чорная Воля” (Гародня, 2013) і “Чужы” (Мінск, 2017).