Дорскі Іосіф Львовіч (17.12.1911, Мінск — 7.12.1964, Мінск). Драматург. Сябра СП з 1956 г.
Нарадзіўся ў сям’і служачага. Брат перакладчыка Сямёна Дорскага. Закончыў 5-ю сярэднюю школу, 1-я Мінскія агульнаадукацыйныя курсы (1929), курсы кінасцэнарыстаў (1931). Працаваў сакратаром рэдакцыі шматтыражнай газеты Мінскага дрэваапрацоўчага завода імя Молатава (1929—1930), на кінафабрыцы “Савецкая Беларусь” у Ленінградзе (1931—1932), літсупрацоўнікам у газеце “Рабочий” у Менску (1932—1934). У 1934 г. прызваны ў Чырвоную Армію, служыў у Віцебску, дзе быў сакратаром літаратурнага аб’яднання гарнізона. Пасля дэмабілізацыі працаваў загадчыкам літаратурнай часткі БДТ-2 (1935—1944). Закончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага (1941). У 1944—1948 гг. працаваў намеснікам дырэктара тэатра імя Я. Коласа, з 1948 г. —дырэктар тэатра, у 1961—1964 гг. — дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм”. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1946), медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне” (1946), двума ордэнамі “Знак Пашаны” і медалямі. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1961). Сябра СП БССР з 1956 г.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Дэбютаваў у друку ў 1928 г. з рэцэнзіяй у часопісе “Чырвоны сейбіт”. Публікаваў рэцэнзіі з тэатральнай крытыкай, нарысы. Аўтар п’ес “Цэнтральны ход” (у суаўт. з К. Л. Губарэвічам, пастаўлена ў 1948), “Алазанская даліна” (у сааўт. з К.Л. Губарэвічам, пастаўлена ў 1949), “Права на шчасце” (пастаўлена ў 1956).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 286).