Даўгапольскі Цодзік Львовіч (11.8.1879, Гарадок, цяпер Віцебская вобл. — 16.7.1959, Ленінград, цяпер Санкт-Пецярбург, Расія). Празаік, паэт, драматург. Сябра СП СССР з 1934 г.
Нарадзіўся ў сям’і меламеда. Вучыўся і працаваў на шчаціннай фабрыцы ў Невелі. Экстэрнам здаў экзамен на званне хатняга настаўніка і працаваў у вёсцы Захар’іна Магілёўскай губерні. У 1912 г. вярнуўся ў Гарадок і на працягу шасці гадоў узначальваў яўрэйскае вучылішча. Быў актыўным сябрам Бунда. З 1918 г. інструктар па Віцебскай і Магілеўскай абласцях. У 1922—1924 гг. дырэктар дзіцячага дома ў Віцебску, з 1925 г. літработнік рэдакцыі яўрэйскай газеты “Акцябэр” (“Кастрычнік”) у Менску. З 1933 г. працаваў у Дзяржвыдзе БССР. Сябра СП СССР з 1934 г. У 1937 г. быў арыштаваны і асуджаны. Адбываў пакаранне ў Казахстане і быў вызвалены ў 1943 годзе. Памёр у сям’і дачкі ў Ленінградзе.
Месца пахавання невядомае (?).
Друкавацца пачаў у 1914 г. (зборнік “Карціны з мястэчка”). Пісаў на ідышы і рускай мове. Першае апавяданне “Электрычнасць” было надрукавана ў газеце “Віцебскі рабочы” ў 1917 г. Аўтар зборнікаў прозы “Навыварат” (Менск, 1928), “На савецкай зямлі” (Менск, 1931), “Навелы” (Менск, 1936), “Пять лепестков” (Мінск, 1959), аповесцей “Агітцягнік” (Менск, 1933), “Это было давно” (Москва, 1950), “На берагах Сылвы” (Минск, 1955), “На рассвете” (Минск, 1957), раманаў “Каля адчыненай брамы” (Менск, 1926), “Шоўк” (Менск, 1933), зборніка вершаў “З пяром у руцэ” (Менск, 1932), кнігі “Адваротны бок новага быту” (1928), зборніка драмаў “Правінцыяльныя абразкі” (Вільня, 1914), камедыі для дзяцей “Пракляцці дзядулі” (Масква, 1919), п’ес “Барацьба машын” (Менск, 1930), “Да апошняга” (Менск, 1931), “Калгасны сургуч” (Менск, 1933).