Дашук Віктар Нічыпаравіч (нар. 16.9.1938, в. Валокі, Хойніцкі р-н Гомельскай вобл.). Празаік, нарысіст, кінарэжысёр-дакументаліст. Уваходзіў у сябры СБП.
Закончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960), аддзяленне кінарэжысуры Вышэйшых курсаў сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1967). З 1960 г. пачаў працу на кінастудыі “Беларусьфільм” — быў адміністратарам, асістэнтам аператара, рэжысёрам, аператарам, сцэнарыстам. Стварыў студыя “Спадар Д.” (1993—2005). Выконваў абавязкі прафесара Беларускай акадэміі мастацтваў, кіраваў майстэрняй рэжысуры дакументальнага кіно (1989—1993). Паводле ўласных сцэнароў зняў больш за 80 фільмаў. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1977), Народны артыст БССР (1990), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976), Дзяржаўнай прэміі СССР (1985), першых прэмій на ўсесаюзных кінафестывалях у Фрунзэ, Кіеве, Таліне, Любліне і інш. Выступае з публіцыстычнымі артыкуламі.