Дашкевіч Зміцер (нар. 20.7.1981, Кушняры, Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Грамадскі актывіст, палітык, пісьменнік, палітычны зняволены.
Да 1986 г. жыў з бацькамі ў Магаданскай вобласці (Расія), потым у Старых Дарогах Мінскай вобласці. Вучыўся ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, Вільнюскім педагагічным універсітэце на сакультэце славістыкі. Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцый і мерапрыемстваў дэмакратычных сіл Беларусі. За сваю палітычную пазіцыю і дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны. У 2006 г. быў прысуджаны да года і шасці месяцаў пазбаўлення волі. Быў прызнаны міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International вязнем сумлення. У сакавіну 2008 г. абраны старшынёй “Малады Фронт”. У снежні 2010 г. затрыманы зноў і ў 2011 г. асуджаны да двух гадоў калоніі, у 2012 г. да тэрміну быў дададзены яшчэ год. Зноў прызнаны палітвязнем. Вызвалены па адбыцці тэрміну зняволення ў жніўні 2013 г. Ініцыяваў кампанію па зборы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нацыянальнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, кампанію абароны Курапатаў. У 2022 г. прысуджаны да палутара гадоў калоніі. Прызнаны палітвязнем. Быў лаўрэатам Прэміі Свабоды, заснаванай маладжёжнай арганізацыяй Еўрапейскай народнай партыі (2012), прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый у намінацыі “Грамадскі лідар году” (2016).
У зняволенні пісаў прозу. У 2014 г. стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча за творы, напісаныя ў зняволенні, за кнігу апавяданняў “Чарвяк” (Вільня, 2014).